Міністэрства гандлю сумесна з Міністэрствам транспарту і камунікацый праводзяць вывучэнне грамадскай думкі карыстальнікаў дарог аб прыдарожным сэрвісе на рэспубліканскіх аўтадарогах у Беларусі, паведаміла прэс-служба Мінгандлю.

Заўвагі і прапановы па ўдасканаленні работы аб'ектаў гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання прыдарожнага сэрвісу ўсе ахвотныя могуць пакінуць, запоўніўшы анкету для карыстальнікаў дарог або анкету для ўладальнікаў аб'ектаў прыдарожнага сэрвісу, якія размешчаныя на сайце Мінгандлю.

У карыстальнікаў, у прыватнасці, цікавяцца: якіх аб'ектаў прыдарожнага сервісу не хапае на дарогах рэспубліканскага значэння; што ім не падабаецца ў рабоце аб'ектаў прыдарожнага сэрвісу ў Беларусі; як часта яны карыстаюцца паслугамі прыдарожных кафэ, гасцініц, СТА, мыек; ці лічаць яны, што за апошнія 5-10 гадоў якасць паслуг прыдарожнага сэрвісу ў краіне палепшылася.

Пытанні анкеты для ўладальнікаў аб'ектаў прыдарожнага сэрвісу датычацца праблем у працы. У іх, у прыватнасці, цікавяцца, якія адміністрацыйныя працэдуры і патрабаванні пры адкрыцці і функцыянаванні аб'ектаў прыдарожнага сэрвісу трэба адмяніць; ці ведаюць яны пра існаванне льгот для аб'ектаў прыдарожнага сэрвісу, якія будуюцца і рэканструююцца, на рэспубліканскіх аўтадарогах.

Варта зазначыць, што пытанням развіцця прыдарожнага сэрвісу было прысвечана адно з красавіцкіх пасяджэнняў прэзідыума Савета міністраў. Прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў на ім заявіў, што «даступныя і якасныя паслугі прыдарожнага сэрвісу — гасцініц, станцый тэхабслугоўвання, аўтазаправачных станцый, пунктаў харчавання, гандлю і іншых аб'ектаў — гэта не толькі эканамічны складнік, экспарт паслуг, але і імідж краіны».

У сваю чаргу міністр транспарту і камунікацый Анатоль Сівак паведаміў, што да 2020 года ў краіне плануецца пабудаваць больш за 470 новых аб'ектаў прыдарожнага сэрвісу. «Мы прынялі генеральную схему развіцця прыдарожнага сэрвісу на рэспубліканскіх аўтамабільных дарогах. Там пазначаныя месцы, дзе могуць быць пабудаваныя тыя ці іншыя аб'екты прыдарожнага сэрвісу. Галоўная задача — выкананне даручэнняў, якія былі дадзеныя прэзідэнтам: каб гэта не былі землі сельскагаспадарчага прызначэння, каб прыдарожны сэрвіс размяшчаўся бліжэй да населеных пунктаў, што больш эканамічна выгадна», — сказаў Сівак.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру