Пражыць да пенсіі толькі з адной адукацыяй цяпер нерэальна. Такое меркаванне выказаў першы намеснік міністра адукацыі Беларусі Вадзім Богуш 11 мая на прэс-канферэнцыі, адказваючы на пытанне аб прагнозе запатрабаванасці спецыяльнасцяў.

«Нават калі ты працуеш у адной прафесіі, то павышаць кваліфікацыю неабходна не радзей, чым раз на пяць гадоў, — упэўнены намеснік міністра. — Цяпер вельмі шмат перакрыжаваных кваліфікацый, калі трэба атрымаць дадатковыя веды. І людзі вельмі часта вырашаюць гэтую задачу як павышэннем кваліфікацыі, так і дадатковай адукацыяй аж да атрымання другой. І ў моладзі, якая імкнецца пашырыць свае магчымасці на рынку працы і жадае вырасці прафесійна, гэты трэнд прысутнічае: ужо працуючы, яны ідуць вучыцца зноў».

Паводле яго слоў, практыка паказвае, што людзі з больш высокім узроўнем адукацыі лягчэй адаптуюцца да рынку працы. Ён адзначыў, што ёсць людзі, якія, маючы вышэйшую адукацыю, дадаткова атрымліваюць і рабочую спецыяльнасць, што дазваляе ім на працоўным месцы рэалізаваць некалькі функцый.

Вадзім Богуш таксама лічыць, што дадатковы набор ва ўстановы адукацыі неабходны для таго, каб чалавек, які сапраўды хоча вучыцца, атрымаў такую магчымасць.

«Дапусцім, калі вы не адгадалі са спецыяльнасцю і не прайшлі па конкурсе, а вучыцца хочаце, гэтую задачу вырашае дадатковы набор, — сказаў ён. — Такім чынам, вы не выходзіце з галіны, паступаючы ў той жа універсітэт, але на іншую спецыяльнасць, і атрымліваеце тую ж кваліфікацыю».

Пры гэтым Богуш адзначыў, што летась прахадныя балы на некаторыя спецыяльнасці ў дадатковы набор былі вышэйшыя, чым у асноўны.

Пры выбары прафесіі пытанне матывацыі мае вялікую ролю, лічыць намеснік міністра. Каля 3% студэнтаў, якія не спраўляюцца з навучальным планам, штогод выключаюцца з ВНУ.

«Ёсць такі парадокс, што матываваны студэнт, які мае, можа быць, не вельмі добрыя веды, але праяўляе жаданне вучыцца ва ўніверсітэце, умее пераадольваць складанасці і становіцца вельмі добрым спецыялістам», — сказаў Богуш.

У межах дадатковага набору адначасова з грамадзянамі Беларусі з 26 па 28 ліпеня змогуць удзельнічаць у конкурсе на бюджэтныя вакантныя месцы ў большасць ВНУ і грамадзяне Луганскай і Данецкай абласцей Украіны. У конкурсе на атрыманне платнай вышэйшай адукацыі, прадугледжаным для беларусаў, грамадзяне Луганскай і Данецкай абласцей змогуць удзельнічаць з 8 ліпеня па 15 кастрычніка.

У параўнанні з мінулым годам на адзін дзень скарочаныя тэрміны прыёму дакументаў на бюджэт — з 8 па 14 ліпеня. Павялічаныя на адзін дзень тэрміны залічэння на платнай аснове для грамадзян Беларусі — з 2 па 4 жніўня. Аптымізаваныя тэрміны прыёмнай кампаніі на завочную форму навучання ва ўстановы вышэйшай адукацыі сельскагаспадарчага профілю: прыём дакументаў — з 15 лістапада па 5 снежня; уступныя іспыты — з 6 па 15 снежня, залічэнне — па 20 снежня.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру