Галоўнае ўражанне ад апошняй паездкі ў Менск (6-9 мая 2016 года) — вялікая колькасць беларускай атрыбутыкі ў горадзе.

Бел-чырвона-белыя сцяжкі ў машынах, бел-чырвона-белыя стужкі і стужкі з арнаментам на вопратцы і заплечніках людзей, вышымайкі і майкі з выявамі на беларускую тэматыку.

Варта толькі прайсціся па горадзе, асабліва па цэнтры, і абавязкова трапіцца на вочы беларуская сімволіка.

Думаю, што гэта кідалася ў вочы і турыстам з Расеі, якіх гэтымі днямі было шмат у Менску. Гэта добра, няхай людзі разумеюць, што тут іншая краіна, са сваёй мовай і сімваламі.

Дарэчы, праз беларускую мову расейскаму турысту можа быць цяжка з'арыентавацца ў Менску. На Пушкінскай два хлопцы і дзяўчына ўзіраюцца ва ўказальнікі і мапу. А ў схемах метро і абвестках інфарматара выкарыстоўваецца толькі беларуская мова.

— Октябрьская в эту сторону? — удакладняе ў мяне адзін з хлопцаў, калі падыходзіць цягнік. 

— Так, даедзеце да Купалаўскай, а там пераход на Кастрычніцкую.

І бачу, што маладзёны мяне не зразумелі.

— Ну вот, — кажа дзяўчына сваім сябрам, — Теперь я понимаю, почему туристы в Минске… (я не чую канец фразы). 

— Вы из России?

— Да. 

— Доедете до Купаловской, там переход на Октябрьскую, — перакладаю я ім тое, што сказаў за некалькі секундаў да таго.

Георгіеўскія стужкі ў Менску таксама трапляліся. Якраз быў Дзень Перамогі. Людзі чаплялі іх сабе на грудзі, на антэны машын, на рамяні фотаапаратаў. Але іх не дужа многа - значна меней, чым пластыкавых яблыневых кветак, афіцыёзнага атрыбута Дня Перамогі. Носьбіты георгіеўскай стужкі не выклікалі ў мяне злосці. Хутчэй, шкадаванне. Бо праз сваё невуцтва людзі выстаўляюць сябе дурнямі.

Нейкі чалавек у метро ішоў у майцы з вялізным партрэтам Сталіна. От гэта ўжо ні ў якія вароты не лезе! І чаму сустрэчныя людзі, ці суседзі, ці калегі па працы не растлумачаць яму, чаму ў Беларусі надзяваць такую майку не варта?

Але такі дзівак са сталінісцкай сімволікай мне трапіўся на вочы толькі адзін. Бачыў дваіх ілжывых ветэранаў. Калі была вайна, яны ў пялёнкі сікалі, а можа, і не нарадзіліся яшчэ. А цяпер з медалямі ходзяць па горадзе, хоць і не ваявалі.

На афіцыйныя мерапрыемствы з нагоды Дня Перамогі не хадзіў. Яшчэ ў школьныя гады яны мне не падабаліся, ад іх за вярсту вее крывадушшам. Для мяне ўшанаванне памяці пра вайну - памаліцца «Вечны супакой дай ім, Госпадзе…» на магілах ахвяраў. А на канцэрты і парады хай хто іншы ходзіць.

Скарыстаў побыт у Менску, каб сустрэцца з сябрамі - тымі, каго даўно не бачыў. Размаўлялі па-беларуску пра жыццё, пра Менск і правінцыю, пра гісторыю, пра царкву. У маіх сяброў К. нядаўна нарадзіўся першынец - яго назвалі Кастусём, гэтак і запісалі ў пашпарце. Сыну іншых маіх сяброў, Г-цкіх, Вітаўту, хутка споўніцца чатыры гады. Са сваёй сястрычкай Каралінай яны лётаюць па хаце як жэўжыкі, гамоняць па-беларуску.

— Калі ўздымаюць гэты сцяг, кажуць: «Жыве Беларусь!» — паказвае тата сыну на бел-чырвона-белы сцяжок.

— Жыве Беларусь! — спрабуе паўтарыць Вітаўт.

Дык сапраўды, жыве!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?