Цягам апошніх некалькіх гадоў супрацоўнікі мытні, праз пасярэдніка з ліку былых работнікаў, сістэматычна атрымлівалі хабар ад прадстаўнікоў камерцыйных структур за аказанне садзейнічання ў паскарэнні мытнага афармлення грузаў, а таксама правядзенні неналежным чынам аперацый мытнага кантролю, гаворыцца ў паведамленні прэс-службы КДБ.

Аператыўнымі падраздзяленнямі КДБ устаноўлена дачыненне да супрацьпраўнай дзейнасці начальніка Маладзечанскага мытнага паста, які быў затрыманы з доказамі злачынства пры атрыманні чарговага хабару ў суме 1100 даляраў ЗША.

Памагаты ў атрыманні хабару, былы супрацоўнік мытні, які дзейнічаў у інтарэсах адной з камерцыйных структур, таксама затрыманы.

У выніку праведзеных мерапрыемстваў устаноўлены ўдзел у карупцыйнай схеме і іншых супрацоўнікаў мытні.

Так, пры ўзнікненні праблем, звязаных з мытным коштам грузаў, хабары ўручаліся супрацоўніку аддзела тарыфнага рэгулявання Мінскай рэгіянальнай мытні, які, разам са спрыяльным рашэннем гэтых пытанняў, перадаваў камерсантам абмежаваныя да распаўсюджвання звесткі з баз дадзеных мытных органаў.

Паслугі намесніка начальніка аддзела па барацьбе з кантрабандай і АТП Мінскай рэгіянальнай мытні абыходзіліся прадстаўнікам камерцыйнага асяродка ў 500 даляраў ЗША, а інспектара, які непасрэдна ажыццяўляў мытнае афармленне грузаў у ПТА «Калядзічы — Аўта» - 50 даляраў ЗША.

Распачатыя крымінальныя справы па арт. 430 КК Рэспублікі Беларусь (атрыманне хабару, дапамогу ў атрыманні хабару). Чатыры супрацоўнікі Мінскай рэгіянальнай мытні, якія дапусцілі карупцыйныя правапарушэнні, і пасярэднік затрыманыя, да іх прыменена мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту.

Праводзяцца неабходныя аператыўна-вышуковыя і следчыя дзеянні, накіраваныя на выяўленне і дакументаванне іншых эпізодаў супрацьпраўнай дзейнасці падазраваных.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру