8 мая, у нядзелю, Германія пабіла новы рэкорд у генерацыі энергіі з аднаўляльных крыніц. Дзякуючы сонечнаму і адначасова ветранаму надвор'ю сукупная вытворчасць энергіі сонечнымі, ветра-, гідра- і біяэнергастанцыямі склала каля 55 ГВт. Усяго ж у краіне ў гэты дзень было спажыта 63 ГВт энергіі. Такім чынам, доля аднаўляльных крыніц склала каля 87%. На некалькі гадзін цэны сышлі ў мінус, што азначае выплаты спажыўцам энергіі.

У апошні час такая сітуацыя ўжо не з'яўляецца чымсьці ўнікальным. Па ўсёй Еўропе падобныя ўсплёскі вытворчасці энергіі здараюцца ўсё часцей. Калі з 2010 па 2014 годы цэны сыходзілі ў мінус усяго некалькі разоў, то летась гэта здаралася дзясяткі разоў. Праблема ў тым, што цэны на рынку энергіі ў Еўропе фармуюцца па тыпу аўкцыёну. Вытворцы запытваюць сваю цану, а пакупнікі, што лагічна, прапаноўваюць уласныя варыянты. І калі энергіі занадта шмат, аптовыя пастаўшчыкі энергіі пачынаюць дэмпінгаваць, прычым цэны часам сыходзяць у мінус, як гэта і здарылася цяпер.

Пры гэтым вытворцы «зялёнай» энергіі аказваюцца ў плюсе нават пры мінусовых цэнах — тут варта ўлічваць субсідыі на вытворчасць чыстай энергіі. Праблема яшчэ ў тым, што часцяком лішкі энергіі падзець проста няма куды — «экспартныя» лініі могуць аказацца занадта «вузкімі», а адпраўляць энергію кудысьці трэба. Таму вытворцы энергіі рады пазбавіцца ад лішкаў нават з улікам даплаты.

Цікава, што летась доля аднаўляльнай энергіі ў Германіі склала каля 33%. Сёлета, з увядзеннем новых ветраэлектрастанцый, доля «альтэрнатыўшчыкаў» на энергетычным рынку павялічылася. Да 2050 года Германія плануе давесці долю энергіі з аднаўляльных крыніц да 100%. А той жа Даніі ветраэнергастанцыі пастаўляюць у некаторых выпадках ужо больш энергіі, чым спажывае ўся краіна. Таму лішкі экспартуюцца ў тую ж Германію, Нарвегію і Швецыю. Коста-Рыка таксама атрымлівае 99% энергіі з аднаўляльных крыніц.

Тое, што здарылася ў нядзелю — гэта не толькі падстава для радасці. Ёсць і адмоўныя моманты. Да прыкладу, сучасная энергетычная інфраструктура многіх краін занадта інэртная, каб адэкватна рэагаваць на скокі і падзенні ў генерацыі энергіі. І калі газавыя энэргастанцыі можна хутка «патушыць», то з АЭС і вугальнымі энэргастанцыямі так не паступіш.

Гэтая праблема больш сур'ёзная, чым здаецца, паколькі хутка энергасістэму краіны не зменіш. Магчыма, у будучыні пачнуць развівацца акумулявальныя «падстанцыі», якія змогуць згладжваць такія моманты, але пакуль гэтая сфера не занадта развітая.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру