Расійская ФСБ у чацвер затрымала ў акупаваным Крыме намесніка старшыні Меджліса крымскататарскага народа Ільмі Умерава.

Пра гэта паведамляе выданне «15 хвілін» са спасылкай на свае крыніцы.

Паводле дадзеных выдання, у позве Умераў фігуруе як падазраваны.

«Пазней сілавікі павезлі яго, як мяркуецца, у Сімферопаль. Разам з Умеравым у ФСБ адправіўся адвакат Эміль Курбядзінаў», — дадалі ў выданні.

У сваю чаргу сам Курбядзінаў распаўсюдзіў на сваёй старонцы ў Facebook пост намесніка кіраўніка Меджліса Нарымана Джаляла пра тое, што Умерава вязуць ва ўпраўленне ФСБ у Сімферопалі.

У сваю чаргу акупацыйны пракурор Крыма Наталля Паклонская заявіла, што супраць Умерова ўзбуджаная крымінальная справа пра сепаратызм.

«Пракуратурай Рэспублікі Крым вывучана працэсуальнае рашэнне следчага аддзела УФСБ аб распачацці крымінальнай справы па прыкметах злачынства, прадугледжанага часткай 2 артыкула 280.1 КК РФ у дачыненні да Ільмі Рустумавіча Умерава. Ён падазраецца ў здзяйсненні публічных заклікаў і дзеянняў, накіраваных на змяненне тэрытарыяльнай цэласнасці РФ», — цытуе яе словы ТАСС.

Паводле яе слоў, такія заклікі ён зрабіў у сакавіку 2016 года, знаходзячыся на тэрыторыі Украіны, калі выступаў у жывым эфіры тэлеканала АТР.

«Затым выступы Умерава былі размешчаныя ў сетцы інтэрнэт», — распавяла Паклонская.

Як вядома, раней акупацыйны крымскі суд забараніў дзейнасць Меджліса як экстрэмісцкай арганізацыі.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру