Звычайны рэйд па прадухіленні нелегальнага гандлю, які зладзілі маладзечанскія чыноўнікі, ператварыўся ў суцэльную драму. Адну з вулічных гандлярак вырашана было затрымаць, міліцыянт адзеў на яе кайданкі. Але людзі не далі яму забраць жанчыну ў пастарунак.

Раніцай 6 мая Таццяна Пакладок з Маладзечна як звычайна ўзяла свае торбы з расадай і пайшла на мясцовы «калгасны» рынак. Cтала каля ўвахода побач з такімі ж гандляркамі, расклала тавар: маленькія кусцікі перцаў і клубніцы, вырашчаныя на сваім участку, трохі кветак адтуль жа. Але доўга жанчына не прастаяла – ужо каля 10-й гадзіны на рынак завітала праверка. Рэйд рабіла камісія з прадстаўнікоў райвыканкама, цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, а таксама камунальных службаў. Акрамя таго, у складзе камісіі быў і прадстаўнік міліцыі.

А пасля пачаўся «экшн»…

«Усіх пачалі папярэджваць, што тут гандляваць нельга. А да мяне прычапіліся — хтосьці з жанчын з той камісіі сказаў: «А вось на яе трэба складаць паперу». Чаму, я не ведаю, можа, таму, што я была маладзейшая, а астатнія ўжо бабулі, што з іх узяць?» Да таго ж тая жанчына мне кажа: «Вы надта часта гандлюеце». Я пачала апраўдвацца, што ляжала месяц у бальніцы, — расказвае Таццяна. — А я ўжо зразумела, што ўсіх пагоняць, як убачыла, што ідзе праверка, сабрала рэчы. Пачала прасіцца, каб адпусцілі. Не, кажуць, трэба пісаць. Я перапужалася. Пачала сыходзіць — яны за мной. Трохі прайшла, міліцыянт мяне спыніў і пачаў заломваць рукі, каб накінуць кайданкі».

Міліцыянты просяць Таццяну праехаць з імі. Фота rh.by

Міліцыянты просяць Таццяну праехаць з імі. Фота rh.by

Гэта версія Таццяны.

Версія міліцыі, зразумела, іншая. Маўляў, нелегальная гандлярка адмовілася назваць імя, таму міліцыянт прапанаваў жанчыне прайсці ў пастарунак. Тая спрабавала ўцячы і стала адштурхоўваць міліцыянта. Ну і тады ён прыняў рашэнне «ўжыць спецсродкі».

Таццяна пацвярджае, што сваё прозвішча яна называць не хацела: усё спадзявалася, што, можа, неяк абыдзецца. Але, кажа, міліцыянта не штурхала, гэта ён яе схапіў.

«Я пачала крычаць. Пачалі падыходзіць мінакі. Міліцыянт рукі выкручваць перастаў, але не адпусціў. Затым на левую руку мне ўсё ж адзеў кайданкі і прычапіў да сябе», — распавядае жанчына.

Людзей вакол збіралася ўсё больш, яны пачалі пытацца ў міліцыянта, за што ён затрымлівае жанчыну. Пачалі здымаць выпадак на тэлефоны. Міліцыянт, у сваю чаргу, па рацыі выклікаў сабе «падмогу».

Відэа затрымання. rh.by

«Назваць сваё прозвішча міліцыянт адмаўляўся, хаця шмат хто пытаўся. Тыя жанчыны з камісіі стаялі паасобку, на адлегласці ад нас. А калі пачалі здымаць і іх, то яны хуценька сышлі, пакінуўшы нас з міліцыянтам у акружэнні натоўпу», — узгадвае Таццяна.

Пакуль міліцыянт чакаў сваіх калегаў, яны з Таццянай так і стаялі пасярод вуліцы, счэпленыя кайданкамі. Народ абураўся, Таццяна даводзіла, што ні ў чым не вінаватая, міліцыянт маўчаў і пазіраў на гадзіннік. Па словах жанчыны, гэта доўжылася больш за гадзіну. Затым прыехалі двое маладых міліцыянтаў. Па словах Таццяны, яны папрасілі яе праехаць з імі, але яна адмовілася.

Перамовы зацягнуліся. З пачатку канфлікту прайшло амаль дзве гадзіны, калі на месца прыехаў начальнік РАУС Валянцін Асіповіч. Ён нарэшце агучыў прозвішча міліцыянта, які затрымліваў Таццяну. Затым Асіповіч загадаў адпусціць жанчыну.

Яна перахвалявалася, ёй стала блага. Хтосьці з натоўпу выклікаў хуткую. Таццяну забралі ў бальніцу: ціск быў каля 200. Таксама яна трохі пашкодзіла звязкі на руцэ, якая была ў кайданках.

Затым Таццяна разам з маці самі пайшлі ў міліцыю – вырашылі трапіць на прыём да Асіповіча. Ён іх прыняў, параіў зрабіць афіцыйную экспертызу пашкоджанняў, якія атрымала жанчына.

«Але не выбачыўся. Ніхто так і не выбачыўся», — кажа Таццяна.

«Але што было рабіць? Трэба было неяк карміць дачку»

Таццяне Пакладок 40 гадоў. Яна жыве разам з 9-гадовай дачкой, гадуе дзіця сама. Усё жыццё Таццяна пражыла ў Маладзечне.

Таццяна Пакладок.

Таццяна Пакладок.

Адвучылася на кухара-кандытара, затым на прадаўца. Працавала ў сталовай, затым займалася прадпрымальніцтвам, амаль 15 гадоў гандлявала на рынку вопраткай. Але, калі гандляроў абавязалі набыць і ўсталяваць «павільёны» – металічныя кантэйнеры з ралетам, – з прадпрымальніцтвам скончыла. Тыя кантэйнеры каштавалі для яе надта дорага.

Пасля пайшла на малочны завод, працавала рабочым на прыёмцы малака. У яе абавязкі ўваходзіла падключаць шланг да машыны, зліваць малако, прыбіраць, калі штосьці вылілася.

«Увесь час на вуліцы: і ўзімку, і ўлетку. Але не скажу, што праца была вельмі цяжкая. І графік мяне задавальняў – з 8 да 17, субота і нядзеля выходныя. Быў час на дачку. Але потым вярнуўся чалавек, які раней атрымаў траўму на вытворчасці. І ён пайшоў у мае зменшчыкі. Сталі працаваць 2 дні праз 2 па 12 гадзін. Мне гэта не вельмі пасавала, — кажа Таццяна. – Затым скончыўся кантракт. Я сышла».

Аніякай іншай працы не знайшлося. Тады знаёмы прапанаваў ёй стаяць на вуліцы і прадаваць дзіцячыя цацкі. Таццяна пагадзілася.

«Ну і трапілася я з тымі цацкамі за незаконны гандаль. На той момант ІП яшчэ не было закрытае, але ж падаткі я не сплочвала, — прызнае сама Таццяна. – Але што было рабіць? Трэба было неяк карміць дачку».

Увосені мінулага года яна пайшла і стала на ўлік як беспрацоўная. Але за даволі працяглы тэрмін – больш за паўгода – аніякіх прымальных варыянтаў так і не знайшлося. Таму яна час ад часу гандлюе тым, што зможа вырасціць на сваім невялічкім зямельным надзеле. Ну і плюс вельмі дапамагае маці-пенсіянерка. Па словах Таццяны, агулам выходзіць прыкладна 2—3 мільёны на месяц. За гэтыя грошы яны і жывуць з дачкой.

«Мне ад цэнтра занятасці прапаноўвалі ісці на завод ад БелТІЗ (Беларускае таварыства інвалідаў па зроку – рэд.) збіраць нейкія дэталі. Але заробак там – каля мільёна. Ну што рабіць – я пайшла, але ў аддзеле кадраў сказалі, што ўжо няма месцаў. Затым прапаноўвалі ў Чысці працаваць памочнікам выхавацеля. Заробак дзесьці 2 мільёны. Але я вымушаная была адмовіцца – туды трэба ездзіць, позна вяртацца. А мне ж трэба глядзець за дачкой. Яшчэ была вакансія — у дзіцячы лагер рабочым на кухню, – але туды я не змагла пайсці, бо ўжо праходзіла абследаванне ў бальніцы», — кажа Таццяна.

Таксама ў яе падазрэнне на вельмі сур’ёзныя праблемы са здароўем. Месяц яна правяла ў бальніцы, але дактары так і не вызначыліся з дыягназам. На 24 мая жанчыне прызначылі МРТ – яна пакажа, ці варта хвалявацца.

«Чакаю абследавання. А там ужо і буду глядзець, што рабіць далей. Як Бог дасць, так і будзе», — кажа Таццяна.

Пакуль жа яна працягвае гандляваць сваім простым таварам. Ізноў стаіць пад варотамі рынка з расадай. Па яе словах, яна б стала і на рынку, але ўжо не дазваляюць.

«Раней я стаяла і на рынку, плаціла за месца. Але там не заўсёды хапае месцаў. Калі не хапае – станаўлюся на вуліцы.

Да таго ж пасля інцыдэнту кантралёр сказала, што ў мяне павінна быць даведка, што я маю надзел, дзе вырошчваю свае саджанцы і даведку з флюараграфіяй. І пакуль я не прынясу паперы, на рынак мяне не пусцяць. Раней анікога гэта не цікавіла, пра тую даведку аб надзеле я ўвогуле першы раз чую. Ну, пайду ў выканкам па яе, што ж зробіш», — паціскае плячыма Таццяна.

Затым, па яе словах, — ізноў на рынак, ужо з даведкай. Бо больш ісці няма куды.

«Я бы з радасцю пайшла на нармальную працу замест таго, каб стаяць на вуліцы з той расадай. Але тут, у Маладзечне, працы проста няма», — тлумачыць жанчына.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?