Расійскі выканаўца Сяргей Лазараў напярэдадні фінала Еўрабачання-2016 з’яўляецца відавочным фаварытам, паводле букмекерскіх кантор.

Уплывовая брытанская кампанія «Уільям Хіл» прымае стаўкі на Лазарава з каэфіцыентам 1 да 1,53. Следам ідзе Аўстралія (1 да 5) і Украіна (1 да 9).

Аднак ад часткі расійскіх інтэрнэт-карыстальнікаў можна пачуць нават заклікі байкатаваць і не падтрымліваць свайго выканаўцу. Справа ў тым, што некаторыя лічаць спевака недастаткова патрыятычным.

У 2014 годзе, адразу пасля анэксіі Крыма, Сяргей Лазараў даваў інтэрв’ю ўкраінскую тэлеканалу 1+1, дзе сказаў:

«Я вось гэтай эйфарыі не падзяляю. Не ведаю, можа, у мяне пасля гэтага паляцяць памідоры з боку сваіх расійскіх фанатаў, але для мяне - ну я прывык так - я прыязджаю ў Ялту, і для мяне гэта Украіна. Таму, калі праводзяць усе гэтыя канцэрты «Крым з намі»… не, я ў гэтым удзельнічаць не буду».

Праўда, вельмі хутка Лазараў быў вымушаны апраўдвацца ўжо ў расійскай прэсе. Маўляў, тэлевізійнікі яго скарысталі і з амаль гадзіннай размовы пра расійска-ўкраінскія адносіны засталася пяціхвіліннай нарэзка, дзе яго выстаўляюць у кепскім святле.

Пры гэтым ён усё адно застаўся пры думцы, што Крым – гэта частка Украіны. «Проста я належу да маладога пакалення тых, хто не можа памятаць таго, што ў 1954 годзе Хрушчоў перадаў Крым Украіне. Таму мне цяжка і нязвыкла. З году ў год прыязджаць у Крым, ва Украіну, а тут раптам раз - і гэта стала Расіяй».

Сёлета напярэдадні «Еўрабачання» Сяргей Лазараў ужо адмовіўся адказваць на пытанні адносна Крыма.

У другі раз Лазараў выклікаў абурэнне расійскіх каментатараў, калі сказаў, што ў выпадку яго перамогі прадстаўнікі гей-супольнасці могуць спакойна прыязджаць у Маскву. «У нас шмат клубаў і рэстаранаў для людзей з нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыяй», — сказаў спявак.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?