Звычайны, на першы погляд, лот з'явіўся на сайце «Гомельаблмаёмасці». Прадаецца жылы цагляны дом плошчай 150 кв. метраў па адрасе: Пралетарская, 36. На фота — знакаміты дом былога мэра Гомеля Віктара Піліпца.

Фота: «Гомельаблмаёмасць»

Фота: «Гомельаблмаёмасць»

У доме, размешчаным у гістарычным цэнтры Гомеля, побач з палацам Румянцавых-Паскевічаў, былы мэр са сваёй сям'ёй паспеў пажыць да свайго зняволення некалькі гадоў. У верасні 2012 года Віктара Піліпца ўзялі пад варту, а 22 красавіка 2014-га Магілёўскі абласны суд прызнаў яго вінаватым у злоўжыванні ўладай і службовымі паўнамоцтвамі.

Былы мэр Гомеля разам з саўдзельнікамі незаконна размеркавалі паміж сабой, сваімі сваякамі, блізкімі і знаёмымі 27 кватэр у шматкватэрных жылых дамах. Яму прызначылі пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на пяць гадоў з канфіскацыяй маёмасці, з пазбаўленнем права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў, тэрмінам на пяць гадоў, з адбываннем пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. 19 верасня 2015 года Піліпец быў вызвалены па амністыі.

На сайце фонду «Гомельаблмаёмасць» прыводзяцца наступныя звесткі аб аб'екце: аднапавярховы блочны, абліцаваны цэглай жылы дом са склепам, ценявым падстрэшкам, двума ганкамі, плотам, брамкай, брамай, дваровым пакрыццём, агульная плошча па СНБ 214,9 кв. м, агульная плошча жылога памяшкання 150 кв. м, жылая плошча 90,8 кв. м, колькасць жылых пакояў — 4, інв. № 350/С-111729; збудаванне спецыялізаванае водагаспадарчага прызначэння — каналізацыйная сетка з трубаправодам безнапорным, трубаправодам напорным, калодзежам, камерай, помпавай станцыяй.

Зямельны ўчастак плошчай 0,1031 га прадастаўляецца ў арэнду тэрмінам на 99 гадоў.

Пачатковы кошт прадмета аўкцыёну — 4 541 137 661 рублёў. Гэта па цяперашнім курсе каля 237 тыс. даляраў. Аўкцыён адбудзецца 2 чэрвеня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?