У Іраку пры нападзе баевікоў экстрэмісцкай групоўкі «Ісламская дзяржава» на запоўненае людзьмі кафэ загінулі 16 чалавек, яшчэ 30 параненыя.
Інцыдэнт адбыўся ў горадзе Балад, размешчаным на поўнач ад Багдада. Па сведчаннях відавочцаў, нападнікаў было пяцёра ці шасцёра. Яны адкрылі агонь па наведвальніках. Таксама нападнікі выкарыстоўвалі гранаты.
Як паведамляецца, кафэ было папулярнае ў заўзятараў іспанскага футбольнага клуба «Рэал Мадрыд».
Як распавёў намеснік губернатара правінцыі Амар аль-Балдауі, нападнікі былі апранутыя ў форму, якая нагадвала форму мясцовых сілавікоў. Пасля нападу яны ўцяклі.
Паліцыянты пачалі пераслед і амаль дагналі чацвярых з іх, але яны прывялі ў дзеянне «паясы смяротнікаў». Як сказаў чыноўнік, пошук астатніх баевікоў працягваецца.
Сярод забітых ёсць паліцэйскія і члены мясцовага шыіцкага апалчэння. Баявікі ІД ужо афіцыйна ўзялі на сябе адказнасць за напад.





