Міністр адукацыі Беларусі Міхаіл Жураўкоў не выключае павышэння кошту навучання ў ВНУ. Пра гэта ён паведаміў падчас Рэспубліканскай універсітэцкай суботы ў Мінску.
«Вядома, калісьці павышацца будзе (кошт навучання), бо ўсе тарыфы ў нас у краіне растуць. Вырасла і стаўка першага разраду, камунальныя паслугі выраслі. Гэта значны выдатак і ў універсітэтах», - сказаў Міхаіл Жураўкоў.
За кошт навучання адказвае асабіста рэктар кожнага універсітэта. Цана фармуецца зыходзячы з неабходных выдаткаў на падрыхтоўку спецыяліста, растлумачыў міністр. «Я ўважліва сачу за выдаткамі універсітэтаў. І па прадстаўленых дадзеных, на жаль, цяпер па платным навучаньні практычна ўсе ВНУ маюць адмоўную рэнтабельнасць», - адзначыў міністр.
«У бліжэйшы час, я думаю, кожны ўніверсітэт ўважліва разгледзіць гэтае пытанне і прадставіць ужо новы кошт зыходзячы з таго, каб навучанне не было стратным», - сказаў Міхаіл Жураўкоў.





