Супрацоўнікі паліцыі затрымалі каля 50 удзельнікаў масавай бойкі і перастрэлкі на Хаванскіх могілках у Маскве. У выніку бойкі загінулі два чалавекі. У сувязі з гэтым заведзеная справа аб забойстве.
«Інтэрфакс» са спасылкай на крыніцы паведамляў, што загінуў паліцэйскі. РБК перадаваў, што загінулі двое супрацоўнікаў паліцыі. У МУС гэтую інфармацыю не пацвярджаюць.
Колькасць пацярпелых дакладна невядома. У адных паведамленнях гаворыцца, што іх 10 (з улікам двух загінулых), у іншых - што каля 15 чалавек. На месцы бойцы канфіскавалі агнястрэльную зброю.
Спачатку маскоўская паліцыя паведамляла, што ў бойцы ўдзельнічалі каля 400 чалавек. У пазнейшых паведамленнях гаворыцца, што ўдзельнікаў было каля 200 чалавек.
Паводле папярэдніх дадзеных, у бойцы ўдзельнічалі ўраджэнцы Сярэдняй Азіі і Закаўказзя. У паліцыі кажуць, што яны «не падзялілі тэрыторыю абслугоўвання могілак».





