Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі дагэтуль турбуе Еўрасаюз, заявіла кіраўнік прадстаўніцтва ЕС Андрэа Віктарын, выступаючы 16 мая на круглым стале «Еўрапейская палітыка суседства — чаканні Беларусі».

«Адносіны Беларусі і ЕС павінны грунтавацца на агульнапрызнаных каштоўнасцях — павазе да дэмакратыі, правоў чалавека і вяршэнства закона», — сказала Віктарын, адзначыўшы, што ЕС застаецца прыхільным да палітыкі «крытычнага ўзаемадзеяння» ў дачыненні да Беларусі.

Паводле слоў прадстаўніка Еўрасаюза, за апошнія гады беларускія ўлады зрабілі некалькі захадаў, якія дазволілі палепшыць адносіны з ЕС. Сярод такіх захадаў яна назвала пачатак перамоваў аб спрашчэнні візавага рэжыму, аднаўленне дыялогу аб правах чалавека, актыўны ўдзел краіны ва Усходнім партнёрстве, а таксама намаганні Беларусі ў падтрыманні стабільнасці ў рэгіёне. Асобна Віктарын адзначыла вызваленне палітвязняў у жніўні 2015 года і правядзенне прэзідэнцкіх выбараў без насілля. «Я не кажу, што не было недахопаў, але, на шчасце, людзі не апынуліся ў турме», — сказала яна.

Віктарын таксама падкрэсліла, што ЕС па-ранейшаму заклікае беларускія ўлады аднавіць былых палітвязняў у грамадзянскіх і палітычных правах, не чыніць перашкодаў рэгістрацыі палітычных партый і грамадскіх аб'яднанняў, выканаць рэкамендацыі АБСЕ наконт выбараў і ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне.

«Мы спадзяваліся, што хаця б дэ-факта будзе мараторый, але, на жаль, у красавіку быў пакараны чалавек», — сказала Віктарын.

Яна таксама адзначыла, што Еўрасаюз будзе рабіць усё магчымае, каб у дыялогу ЕС і беларускіх уладаў актыўна ўдзельнічала грамадзянская супольнасць, а развіццё адносін паміж Еўрасаюзам і афіцыйным Мінскам не прывядзе да памяншэння падтрымкі, у тым ліку фінансавай, беларускай грамадзянскай супольнасці з боку ЕС.

«Падтрымка грамадзянскай супольнасці і развіццё кантактаў паміж людзьмі застаюцца нашымі асноўнымі прыярытэтамі», — сказала Віктарын.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?