У выпадку фальсіфікацый падчас парламенцкіх выбараў, што маюць адбыцца, Беларускі нацыянальны кангрэс, устаноўчы сход якога прайшоў у мінулыя выходныя, ініцыюе акцыі пратэсту. Такую заяву зрабіў кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года, экс-палітвязень Мікалай Статкевіч 16 мая ў Мінску на круглым стале «Еўрапейская палітыка суседства — чаканні Беларусі».

Статкевіч адзначыў, што многія апазіцыйныя лідары не падтрымалі ініцыятыву правядзення кангрэса, у адрозненне ад членаў іх партый у рэгіёнах. Ён падкрэсліў, што без аб'яднання ў апазіцыі нічога не атрымаецца, і зноў заклікаў усіх прысутных прадстаўнікоў апазіцыі далучыцца да працы кангрэса.

«Выбараў няма, але ў нас чамусьці ўжо сем спісаў ад апазіцыі, — сказаў Статкевіч. — У нас выбары ў адзін тур па мажарытарнай сістэме, і ад улады будзе толькі адзін кандыдат на кожным участку».

Паводле слоў палітыка, падыход апазіцыі да парламенцкіх выбараў з'яўляецца безадказным. «Мы прапанавалі схему, як паменшыць шкоду ад гэтага. Адна справа, калі ў нас забіраюць перамогу, і ўсе гэта бачаць. Іншая справа, калі самі крадзем перамогу ў сябе. Мы прапаноўваем выбраць аднаго кандыдата на акругу», — заявіў палітык.

Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі падкрэсліў, што палітыка адкрытасці ў дачыненні да Беларусі, якую праводзіць ЕС, з'яўляецца правільнай і неабходнай з улікам падзей, якія адбываюцца ў свеце, у тым ліку вайны ва Украіне.

«Але, пакуль у Беларусі няма свабодных і сумленных выбараў, улада застаецца нелегітымнай, — сказаў Рымашэўскі. — Усе перамовы з беларускімі ўладамі павінны весціся з разуменнем таго, што беларускія ўлады не маюць легітымных падстаў прадстаўляць беларускі народ».

Старшыня руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч падкрэсліў важнасць таго, каб пытанне пра Беларусь заставалася ў парадку дня ЕС. Дыялог з Беларуссю павінен грунтавацца на еўрапейскіх каштоўнасцях, быць пакрокавым і «з пэўнымі ўмовамі», адзначыў ён.

«Заўсёды ёсць спакуса весці дыялог толькі з уладай, таму што яна ўсё кантралюе і можа ўплываць на ўсе працэсы. Але важна мець зносіны і з дэмакратычнай часткай грамадства», — сказаў Мілінкевіч.

Старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч заклікаў прыняць выразную «дарожную карту» развіцця адносінаў Беларусі і ЕС. Ён таксама адзначыў, што не толькі ЕС спрабуе зацікавіць і ўтрымаць Беларусь. «Расія актыўна працуе не толькі з беларускай уладай, але і з грамадствам, — сказаў Янукевіч. — Укладаюцца фінансавыя, інфармацыйныя, арганізацыйныя рэсурсы, каб атрымаць тут прыхільнікаў «рускага свету». Калі Расію не спыніць ва Украіне, Беларусі, то потым давядзецца вырашаць іншыя задачы ў Польшчы і краінах Балтыі».

Янукевіч таксама заявіў: «Лукашэнка не вечны, рана ці позна ён сыдзе, таму важна ўжо цяпер прапрацоўваць, як дапамагчы беларусам абараніць свой еўрапейскі выбар».

Адзін з лідараў кампаніі «Гавары праўду» Таццяна Караткевіч заявіла, што асноўнай задачай у гэтай структуры лічаць «фарміраванне палітычнага попыту ў грамадстве на перамены».

«Каб сфарміраваць попыт на рэформы ў грамадстве, мы павінны ўяўляць для грамадства выразную альтэрнатыву вырашэння канкрэтных задач, якія тычацца эканомікі, адукацыі, аховы здароўя. І мы павінны забяспечыць максімальна шырокі ўдзел грамадства ў палітыцы на ўсіх узроўнях», — заявіла Караткевіч.

Паводле яе слоў, ініцыяваны «Гавары праўду» дыялог унутры краіны пакуль не прыносіць вынікаў, але і шкоды таксама, таму яго неабходна працягваць.

Караткевіч таксама адзначыла, што кампанія не сварыцца ні з кім унутры апазіцыі. Паводле яе слоў, замест таго каб загадзя казаць аб несумленнасці выбараў, неабходна «сканцэнтравацца на тым, каб выбары прайшлі нармальна». Яна нагадала, што «Гавары праўду» настойвае на тым, каб у склад кожнай выбарчай камісіі ў краіне былі ўключаны прадстаўнікі дэмсіл. Для гэтага спатрэбіцца каля 6 тыс. чалавек, а яшчэ 10 тыс. — для назірання за выбарамі, сказала Караткевіч.

Намеснік старшыні руху «За Свабоду» Юрый Губарэвіч назваў зняцце санкцый ЕС з Беларусі «авансам рэжыму». «Рэжым разумее, што, ўдала прадаўшы парламенцкія выбары, можа вельмі шмат атрымаць, — сказаў ён. — Да гэтага ўжо ідзе падрыхтоўка. Сітуацыя можа развівацца двума шляхамі. Першы — без сапраўдных выбараў прызначыць некалькіх апазіцыянераў у парламент, як гэта адбываецца ў Расіі. Другі — наогул нічога не рабіць, сказаўшы, што былі ўсе магчымасці для канкурэнцыі».

Губарэвіч падкрэсліў, што прадстаўнікі апазіцыі павінны быць уключаны ў склады выбарчых камісій, а падлік галасоў павінен быць празрыстым для выбаршчыкаў.

Палітык Уладзімір Някляеў заклікаў апазіцыю не ўдзельнічаць у выбарах, калі не будуць унесены змены ў выбарчае заканадаўства. На яго думку, апазіцыя яшчэ можа сабрацца і вызначыць адзіны падыход да парламенцкіх выбараў, каб ЕС было зразумела, якія ўмовы выстаўляць беларускім уладам.

Старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька назваў сённяшнюю сустрэчу «маленькай перамогай». «Для нас было вельмі важна сабрацца на такую сустрэчу менавіта ў Мінску», — сказаў ён, дадаўшы, што ў апазіцыі паступова вучацца слухаць адзін аднаго.

Лябедзька падкрэсліў, што ў цяперашняй парламенцкай кампаніі трэба ставіць «рэалістычныя мэты і задачы». «Рэалістычная задача — істотна павялічыць колькасць удзельнікаў выбарчага і палітычнага працэсу», — заявіў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?