У БДУ прайшла сустрэча кіраўніка расійскага МЗС са студэнтамі. Сяргей Лаўроў распавёў пра сустрэчу з Лукашэнкам і пра пазіцыю Расіі па праблемных пытаннях, уключаючы сірыйскае і ўкраінскае.

Фота: прэс-служба БДУ

Фота: прэс-служба БДУ

— Сяргей Лаўроў — гэта адзін з сімвалаў Расіі, — прадставіў кіраўніка МЗС РФ рэктар БДУ Сяргей Абламейка.

На мерапрыемстве таксама прысутнічалі паслы дзвюх краін Ігар Петрышэнка і Аляксандр Сурыкаў, але перад прысутнымі яны не выступалі.

Кіраўнік знешнепалітычнага ведамства Расіі прыбыў у БДУ у перапынку паміж сустрэчамі з прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам і дзяржсакратаром ЗША Джонам Керы. Мерапрыемства заняло прыкладна паўгадзіны, пасля чаго ён адправіўся ў аэрапорт — Лаўроў паляцеў у Вену, дзе пройдзе пасяджэнне Міжнароднай групы падтрымкі Сірыі.

Свой выступ Сяргей Лаўроў пачаў са згадкі перамогі ў Другой сусветнай вайне.

— На сённяшніх перамовах (у Палацы Незалежнасці) мы дамовіліся надаць асаблівую ўвагу працы па недапушчэнні скажэння гісторыі, скажэння прычын і вынікаў вайны — гэтыя крокі будуць цесна каардынавацца. Асабліва надаваць будзем увагу непрымальнай амаральнай вайне з помнікамі, якую ў Польшчы спрабавалі развязаць нацыяналісты, — сказаў кіраўнік МЗС РФ.

Яшчэ адно пытанне, якое абмяркоўвалася на сустрэчы з Лукашэнкам — супрацоўніцтва па рэалізацыі праграмных дзеянняў Саюзнай дзяржавы ў галіне знешняй палітыкі. Расійскі дыпламат нагадаў, што праграма была прынятая ў студзені гэтага года і ахоплівае ўвесь спектр міжнароднага парадку дня.

— Ідзе працэс пераразмеркавання эканамічнай моцы, палітычнай вагі. Гэты працэс балючы для тых, хто прывык займаць дамінуючыя пазіцыі ў свеце ў плыні шматлікіх стагоддзяў. Ад гэтай звычкі вельмі цяжка пазбавіцца. Але аб'ектыўны працэс ператварэння сусветнай сістэмы ў поліцэнтрычную, больш збалансаваную, больш дэмакратычную ідзе і яго не спыніць, — удакладніў ён.

Паводле слоў Лаўрова, спробы чапляцца за аднапалярную канцэпцыю свету «хоць і рэалізаваныя, але наносяць шкоду стану міжнародных адносінаў» — яны суправаджаюцца спробамі змены рэжымаў, умяшаннем ва ўнутраныя справы іншых краін.

— Заходнія партнёры не згаджаюцца з тым, каб выбудаваць агульную сістэму бяспекі, — дадаў палітык. — Яна існуе як палітычная дэкларацыя, але ператвараць яе ў юрыдычна абавязваючыя нормы яны адмаўляюцца і не тлумачаць уцямна прычын.

Пасля гэтага кіраўнік МЗС Расіі распавёў пра сваё бачанне таго, што адбылося ва Украіне як прыклад такой палітыкі Захаду.

— Працягам логікі «свой-чужы», якая праводзіцца ў рамках Усходняга партнёрства, стала сітуацыя ва Украіне, дзе адбыўся дзяржаўны пераварот. Новыя ўлады прыйшлі сілавым шляхам, развязалі братазабойчую вайну, атрымаўшы індульгенцыю з боку заходніх партнёраў, мэта якіх — зрабіць слабай Расію, — лічыць Лаўроў.

У канцы свайго выступу ён адзначыў, што на Захадзе пачынаюць разумець «дзе сабака закапаная», а гэта значыць, што невырашальных праблем няма.

— Канфрантацыя з Амерыкай і Еўропай — не наш выбар, — рэзюмаваў кіраўнік МЗС Расіі.

Выступ Лаўрова заняў прыкладна 15 хвілін, астатні час ён адказваў на пытанні з залы.

Віталь Арцёмчык (ГА «Рускае культурна-асветніцкае таварыства», клуб «Наследие» пры Беларуска-расійскім універсітэце) спытаў пра формы працы з моладдзю і выказаў пажаданне — адкрыць Расійскія цэнтры навукі і культуры ў Магілёве і ўсіх абласных цэнтрах краіны. На сённяшні дзень у Беларусі РЦНК працуюць у Мінску і Брэсце.

Лаўроў пагадзіўся з такой патрэбай і сказаў, што ў хуткім часе такі цэнтр адкрыецца ў Гомелі. Сувязі паміж моладдзю дзвюх краін дапаможа таксама ўмацаваць форум маладых дыпламатаў.

— На сённяшняй сустрэчы прэзідэнт Лукашэнка выказаў гатоўнасць запрасіць такі форум у Беларусь у 2017 годзе, — удакладніў палітык.

Міністру замежных спраў Расіі таксама задалі пытанне пра «Ісламскую дзяржаву» — у чым сіла гэтай групоўкі і хто яе падтрымлівае.

— Я не буду тут казаць пайменна, але звонку падтрымка ідзе. І падтрымка ідзе, перш за ўсё, ад тых, хто суседнічае з Іракам і Сірыяй. Ёсць такія краіны. А сіла ІД — першы раз, калі тэрарыстычная арганізацыя займаецца не проста навядзеннем страху па ўсім свеце, а стварэннем квазі-дзяржавы. У гэтым не толькі яе сіла, але і небяспека. Таму што мэта пастаўленая — стварэнне халіфата ад Партугаліі да Пакістана. І як гэта ні сумна, атрымліваецца ў іх вербаваць прыхільнікаў.

На думку Лаўрова, вербаваць прыхільнікаў пачынаюць ледзь не з калыскі, актыўна выкарыстоўваючы ўсё негатыўнае, што адбываецца на Блізкім Усходзе, неўрэгуляванасць канфліктаў, у тым ліку палесціна-ізраільскага.

Данііл Кітарэнка (Інстытут журналістыкі БДУ, «Рассупрацоўніцтва») у сваім пытанні, зачытаным з лісціка, абвінаваціў СМІ ЗША і Еўрасаюза ў хлусні: «Яны наўмысна падмянялі факты, асвятляючы расійскую аперацыю ў Сірыі, нягледзячы на абвяржэнні Russia Today, канала «Звезда», УДТРК».

— Якім чынам можна змагацца з такім ігнараваннем? — спытаў студэнт. — Яны настройваюць сваю аўдыторыю супраць сябе.

— Заўсёды ёсць спакуса ў любой улады выкарыстоўваць СМІ, — адказаў Лаўроў. — Можна гэта рабіць на аснове зразумелых правіл, а можна свядома ствараць дэзінфармацыю. У The Guardian была ўцечка аб тым, як рыхтуецца антырасійская кампанія з удзелам выведслужбаў і брытанскага ўрада — аказалася, што яны пішуць для журналістаў і замест журналістаў фэйкавыя навіны.

Кіраўнік МЗС РФ падкрэсліў, што журналісты павінны паказваць праўду і прывёў у якасці прыкладу расійскіх журналістаў, якія «на пастаяннай аснове працуюць ва Усходняй Украіне».

— Запрашаюць журналістаў з іншых краін — адзінкі прыязджаюць і сапраўды пачынаюць мяняць танальнасць сваіх рэпартажаў. У асноўным, рэпартажы пішуцца без асабістых кантактаў. Тое ж можна сказаць і пра Сірыю. Адна з самых папулярных крыніц — кватэра ў Лондане, дзе жыве адзін чалавек, якая называецца «Сірыйская абсерваторыя па правах чалавека».

Лаўроў таксама распавёў пра тое, што часам на падставе скажонай інфармацыі няслушныя высновы робяць і прадстаўнікі ўлады замежных краін. У якасці канкрэтнага прыкладу ён прывёў заявы прэсы аб разбомбленым шпіталі «Аль Кудс» у сірыйскім Алепа. Дыпламат растлумачыў, што гэтая інфармацыя не раз абмяркоўвалася ім з кіраўніком Дзярждэпа ЗША Джонам Керы. Паводле слоў Лаўрова, пасля таго, як у ЗША азнаёміліся са спадарожнікавымі здымкамі, «усе пытанні былі знятыя».

— Трэба быць пільным не толькі ў адносінах да замежных партнёраў, але і ў дачыненні да сваіх СМІ, — сказаў на заканчэнне Лаўроў.

Пасля сустрэчы ён адправіўся ў аэрапорт.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?