У дзіцячую бальніцу Бабруйска ўначы 30 мая міліцыянеры прывезлі аднагадовую дзяўчынку ў калясцы. Дзіця знайшоў прахожы — каляска без нагляду доўгі час стаяла на плошчы Перамогі. Дарослых побач не было.
Дзяўчынка была здаровай і дагледжанай, прабыла ў бальніцы нядоўга. Раніцай па яе прыйшоў 19-гадовы бацька, распавяла загадчыца педыятрычнага аддзялення бальніцы Лілія Малькоўская.
«Прынёс падгузнікі і дазвол ад аддзела адукацыі забраць дзіця. Калі дзіця ў бальніцу дастаўляе міліцыя, без гэтага дакумента мы яго бацькам не аддаем», — патлумачыла доктар.
Па словах Ліліі Іванаўны, бацька дзяўчынкі распавёў, што сам жыве з бацькамі і гадуе дачку адзін. Нібыта з маці дзіцяці яны развяліся. Малады бацька патлумачыў, што «даў дзіця знаёмай пакатаць у калясцы». Калі спахапіўся, што дочкі няма, адправіўся яе шукаць. У міліцыі яму сказалі, што малая ў бальніцы.
Па некаторай інфармацыі, бацькоў дзяўчынкі — і маці у тым ліку — адшукалі супрацоўнікі міліцыі. Атрымаць каментар у УУС Бабруйскага гарвыканкама не ўдалося - намеснік начальніка па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні Васіль Савельеў адмовіўся растлумачыць сітуацыю.