Амаль 110 тысяч чалавек маюць грамадзянскую зброю ў Беларусі, паведаміў начальнік аддзела ліцэнзійна-дазвольнай работы ўпраўлення прафілактыкі МУС Беларусі Андрыян Кахновіч у час відэа-канферэнцыі на сайце газеты «СБ. Беларусь сегодня».

«Грамадзяне Беларусі могуць мець грамадзянскую зброю чатырох асноўных відаў: паляўнічую зброю, зброю самаабароны, спартыўную і сігнальную зброю, — растлумачыў Кахновіч. — Такім правам (на валоданне зброяй) на сённяшні дзень скарысталіся 109 тысяч грамадзян. Яны маюць больш як 130 тысяч адзінак зброі».

Самая вялікая доля прыпадае на паляўнічую гладкаствольную зброю — амаль 110 тысяч штук. Таксама ў грамадзян на легальных падставах знаходзіцца больш як 10 тысяч газавых пісталетаў, крыху менш як 2 тысячы спартыўных пісталетаў і г.д.

МУС нагадвае, што за незаконнае захоўванне зброі і боепрыпасаў, паводле артыкула 295 КК, пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі. Пры гэтым крымінальны закон гаворыць, што добраахвотная здача боепрыпасаў і зброі вызваляе ад адказнасці. Выключэнне складаюць выпадкі збыту.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?