Наташа Поткіна — беларуская дызайнерка, якая выпускае дызайнерскае адзенне пад уласным брэндам для бізнэсвумэн. У яе апранаюцца i знакамітасці, такія, як Анжаліка Агурбаш, Паліна Смолава, Гюнэш, Іскуі Абалян, Наташа Падольская. Апошнія гады Наташа дапамагала стварэнню вобразаў для ўдзельнікаў нацыянальных адбораў як дзіцячага, так i дарослага «Еўрабачання».

Ілля Волкаў удзельнічаў у дзіцячым «Еўрабачанні» 2013 года. Касцюмы для дзяцей распрацоўвала Наташа Поткіна.

Ілля Волкаў удзельнічаў у дзіцячым «Еўрабачанні» 2013 года. Касцюмы для дзяцей распрацоўвала Наташа Поткіна.

Яшчэ адзін прыклад распрацоўкі вобразу ад беларускага дызайнера.

Яшчэ адзін прыклад распрацоўкі вобразу ад беларускага дызайнера.

З нядаўніх часоў Наташа — дырэктарка атэлье, а таксама крамы тканіны, скуры, футра i неабходных рэчаў для шыцця, якая адкрылася на вуліцы Кальварыйскай у Мінску.

«Наша Ніва» завітала да Наташы ў госці.

Наташа Поткіна: Атэлье i крама працуюць дзесьці каля месяца, але ўрачыстага адкрыцця пакуль не было. Кампанія «Дом фэшн-тэкстылю» была ўтвораная пасля злучэння дзвюх фiрмаў — «Дом мод Наташы Поткінай» i «Дыскаверы Маркет». Я лiчу, што гэта вельмі выгадны саюз, якi пашырае нашы магчымасці. Цяпер у нас ёсць супольнае атэлье, крама тканін, аптовы склад і вытворчасць.

Чаму атэлье? Усё пачалося з iдэi прывозіць у Беларусь матэрыялы з Турцыi і іншых краін i адкрыць краму, дзе кожная жанчына знойдзе матэрыял на свой густ, а таксама i іншыя неабходныя тавары. I паколькі я дызайнер адзення i разбіраюся ў вытворчасці, то пры краме вырашылі адкрыць атэлье, дзе адразу можна замовіць i пашыць спадніцы цi нешта іншае. Не ўсе жанчыны, якія цікавяцца дызайнерскім адзеннем, падыходзяць пад стандартны мадэльны памер. А ў маім атэлье я прапаную мадэль для любой фігуры. Я працую з жанчынам, якія любяць iндывiдуальнасць, з артыстамі, публiчнымi і творчымі персонамі. Таксама працую і з мужчынамі. Асабіста яны ў нас замаўляюць вясельныя касцюмы i касцюмы для сцэны.

Маім кліентам трэба, каб іх адзенне было ўнікальным і непаўторным. Мая задача — зрабіць ім якую-небудзь сукенку, якая бы ўвасабляла іх вобраз, песню, творчы нумар.

НН: Як выглядае працэс падборкі тканін і распрацоўкі дызайну?

НП: Звычайна я сустракаю кліентаў сама. Мы разам абмяркоўваем, што чалавеку неабходна, што яму падыходзіць, я са свайго боку даю рэкамендацыі. Пасля мы абіраем тканіну, бо дзеля гэтага ідэя стварэння гэтага ателье і з'явілася: часта людзі прыходзяць і не ведаюць ці не маюць часу падбіраць тканіны. А бывае і такое, што людзі не могуць зразумець, што ім падыходзіць, таму калі побач я ці той, хто ў гэтым добра разбіраецца, то справа нашмат прасцей ідзе.

Пасля адбору тканін мы прыдумляем мадэль: у нас ёсць прымерачная, дзе мы здымаем меркі, прыкладваем дадатковыя тканіны, калі такія ёсць. Для мяне вельмі важна, каб жанчына адчувала сябе ў маім адзенні камфортна, каб я дапамагла ёй адкрыць яе станоўчыя бакі, унутраны свет. Самастойна гэта зрабіць цяжка. А з боку, ды прафесійным поглядам, гэта часам неабходна рабіць. З клiентамi мы гутарым, п'ём каву, яны распавядаюць пра свой лад жыцця, i тады з’яўляецца наш твор!

Час пашыву залежыць ад складанасці, у сярэднім гэта ад трох да пяці тыдняў. Гэта не таму, што доўга шыецца, а таму, што шмат замоваў. Ёсць і асаблівыя кліенты, бывае, што трэба зрабіць тэрмінова, тады мае дзяўчаты шыюць позна, але за 5 дзён зробяць. Гэта складана, але я даражу імі і цаню іх усіх.

НН: А цэны?

НП: Так, часта пытаюцца, чаму пашыў такі дарагі, хаця тканіны ў мяне, у параўнанні з крамамі італьянскіх тканін у Мінску, недарагія. Справа ў тым, што ў любым атэлье за індывідуальную працу трэба плаціць шмат, як і мастаку за добрую карціну. Я ўжо адказвала, што працэс стварэння спадніцы – гэта не канвеерная праца. I якасць такіх твораў вельмі высокая.

Мае дзяўчаты ў цэху ведаюць, што ад майго погляду нi адна нітка не схаваецца, бо ўсё правяраю асабіста. Што тычыцца тканін, то ёсць і кітайскія, але якасныя, па 190, 300 тысяч, а ёсць і італьянскія, дзе трэба будзе аддаць 700 тысяч за метр. Пашыў, вядомы, нашмат даражэйшы, але людзі замаўляюць тарты на такія ж кошты. Але на тым жа вяселлі торт з'ядуць, а спадніцу можна будзе апранаць і далей. Кошт залежыць ад складанасці спадніцы. Пашыў звычайнай кактэйльнай сукенкі будзе каштаваць каля 2,5 мільёнаў. Я лічу, што гэта не дорага, бо за тыя ж грошы ў некаторых атэлье можна толькі ў арэнду сукенку ўзяць.

НН: А хто вашыя асноўныя кліенты?

НП: Шмат кліентаў — гэта бізнэсвумэн, публічныя жанчыны, але не медыяперсоны, яна проста ходзяць на прыёмы, семінары, таму ім трэба добра выглядаць. Таксама гэта артысты беларускай эстрады, я іх «зорачкамі» называю. Ужо тры гады працую з дзіцячымі калектывамі, напрыклад, Ілля Волкаў, які заняў 3-яе месца на «Еўрабачанні» ў 2013 годзе ў Кіеве. У нацыянальным адборы ў мінулым і пазамінулым годзе дзеці ў маіх касцюмах выступалі. Я вельмі ганаруся тым, што ў маіх уборах артысты атрымліваюць найлепшыя званні.

НН: Якія колеры, тканіны, карыстаюцца попытам сёння?

НП: Вось у мяне з'явілася ў продажы тасьма з арнаментам. Яна паўтарае беларускі і славянскі арнаменты, таму карыстаецца вялікай папулярнасцю. Замаўляюць розныя тунікі, кашулі з гэтай тасьмой. Не абавязкова гэта павінна паўтараць аўтэнтычны беларускі касцюм, проста з народнымі элементамі. І гэта сапраўды хіт. Я памятаю, калі я выставіла фота ў фэйсбуку, дзе быў прыклад адзення з арнаментам, то да мяне проста пасыпаліся замовы з выкарыстаннем гэтай тасьмы.

У прынцыпе, усё такое беларускае стала вельмі папулярным, і мне гэта прыемна. І калі мне задалі пытанне, ці буду я працаваць з беларускімі вытворцамі тут – я хачу паступова дадаваць усякія ўпрыгожванні сюды і хачу, каб яны былі беларускімі. Мне хацелася б, каб беларускія майстры прыходзілі і прапаноўвалі свае дызайнерскія вырабы. Я з задавальненнем з імі бы пасупрацоўнічала. Што тычыцца тканін, то цяпер, у спёку, папулярная бавоўна, асабліва розныя белыя, сінія, зялёныя палоскі. Аднак мода ёсць мода, але найгалоўнае – гэта ўласны стыль. I я заўсёды імкнуся дапамагчы знайсці яго кожнаму, хто прыйдзе да мяне.

НН: Чаму, па-вашаму, беларускія вытворцы не робяць стылёвага і таннага адзення для моладзі?

НП: Нельга сказаць, што ў Мінску дарагое адзенне. У нас можна знайсці адзенне на любы густ і памер кашалька. Не трэба забываць, што ў нас няма выхаду да мора, і ўсе тавары з Турцыі і Кітая дасылаюцца нам дарагім шляхам. У Беларусі ёсць добры дызайн, але мала добрых сваіх тканін. Але ёсць жа дасяжнае адзенне — вось Mark Formelle робіць добрыя рэчы.

Трэба зразумець, што ў той жа «ГУМ» прывозяць такі тавар, які падыходзіць для такіх наведвальнікаў. Туды прыходзяць настаўнікі, банкаўскія супрацоўнікі, служачыя. Ім трэба касцюмы, які апрыёры не могуць мала каштаваць. А ў тым жа турэцкім «DeFacto» джынсы, майкі, сарафаны, таму там і цэны ніжэйшыя.

НН: Але чаму «ГУМ» зрабіў прыгожыя вітрыны, а не могуць зрабіць тое самае з беларускім адзеннем?

НП: На вітрынах усё адзенне тое, што прадаецца ў самой краме. Гэта праблемы тых вытворцаў і фабрык, якія яго робяць. Тыя фабрыкі не развіваюцца, дзе кіраўніцтва было выхаванае ў савецкі час, таму цяпер ім цяжка зразумець сучасны густ. Але ёсць i паспяховыя брэнды, напрыклад Nelva, Devour, Alena Goreckaya. «Элема», вы самі бачыце, як стала расці. Паступова ўсё наладзіцца. Усё залежыць ад нас саміх.

А тыя працуюць на старым абсталяванні, таму і дызайн у іх просты і не сучасны. Але іх жа купляюць.

НН: Але толькі старое пакаленне…

НП: Дык а што ім трэба? Калі вы хочаце прыходзіць у краму, дзе прадаецца адзенне для старэйшага пакалення, і хочаце бачыць моладзевае адзенне, то чаму вы не ходзіце туды, дзе яго непасрэдна прадаюць?

НН: Але ж паўсюль у крамах людзям прапануюць купляць беларускае.

НП: Попыт нараджае прапанову. Часам мне прапаноўвалі вельмі слабыя працы, і я абуралася, што гэта безгустоўна. Але мне казалі, што ў іх гэта купляюць і ім трэба толькі гэта. Я бачу толькі адзін выхад — культурнае развіццё. Як толькі нашыя сем'і пачнуць прывіваць пачуцце густу, то крамам прыйдзецца падладжвацца пад іх.

Топ дызайнераў па версіі Наталлі Поткінай:

  1. Како Шанэль
  2. Джон Гальяна
  3. Аляксандр Маккуін
  4. Валянцін Юдашкін

label.reaction.like
0
label.reaction.facepalm
0
label.reaction.smile
0
label.reaction.omg
0
label.reaction.sad
0
label.reaction.anger
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?