Міліцыя шукае відавочцаў канфлікту на аўтадарозе Салігорск — 4-е рудаўпраўленне, адзін з удзельнікаў якога параніў другога з пісталета.

Паводле звестак прэс-службы УУС Мінаблвыканкама, 6 ліпеня ў 17.55 у міліцыю паступіла паведамленне аб тым, што з вёскі Зажэвічы Салігорскага раёна з агнястрэльным раненнем ў грудзі шпіталізаваны 59-гадовы мужчына.

«Зараз высвятляюцца ўсе абставіны здарэння, правяраюцца розныя версіі інцыдэнту, у тым ліку версія аб дарожным канфлікце, — паведаміў кіраўнік прэс-службы Яўген Сачак. — Ніякай іншай інфармацыі пакуль даць не можам».

Звесткі пра інцыдэнт з'явіліся ў групе «Салігорскія аўтааматары» сацсеткі «УКантакце». Як паведамляецца на старонцы групы, канфлікт на дарозе здарыўся паміж двума аўтамабілістамі. Вадзіцель BMW з неўстаноўленымі замежнымі нумарамі абагнаў іншы аўтамабіль, выцягнуў з машыны вадзіцеля і прыставіў да яго галавы пісталет. Вадзіцель BMW стрэліў мужчыну ў грудзі, пасля чаго сеў у свой аўтамабіль і паехаў. Пацярпелы даехаў да аграгарадка Зажэвічы, адкуль быў шпіталізаваны ў найбліжэйшую бальніцу.

У горадзе і вобласці быў уведзены план «Сірэна» па вышуку аўтамабіля BMW з замежнымі нумарамі.

Салігорскі РАУС просіць усіх, хто праязджаў па аўтадарозе Салігорск — 4-е рудаўпраўленне 6 ліпеня, перадаць запісы відэарэгістратараў, а таксама адгукнуцца відавочцаў здарэння ці тых, хто бачыў на трасе аўтамабіль маркі «БМВ» з замежнымі нумарамі. Просяць тэлефанаваць на нумары: +375 29 647-38-16, +375 29 577-85-61, 8 (1742) 2-02-02 (дзяжурная часць Салігорскага РАУС) або 102.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?