Аляксандр Лукашэнка прызначыў новага пасла Беларусі ў Кітаі. Ім стаў памочнік прэзідэнта ў пытаннях эканомікі Кірыл Руды, які меў рэпутацыю «рыначніка» і «ліберала» ў найвышэйшых эшалонах улады. Праводзячы Рудага ў Кітай, «Наша Ніва» згадала цікавыя факты з яго біяграфіі.

Стажыраваўся ў ЗША

На пасадзе памочніка прэзідэнта Кірыл Руды адпрацаваў ад чэрвеня 2013 года. Руды быў адным з наймаладзейшым у вышэйшых эшалонах улады. Ён прыйшоў на высокую пасаду не з казармаў і не з выканкамаўскіх кабінетаў. Перш чым трапіць ва ўладу, Руды зрабіў выдатную навуковую кар’еру. Кандыдатам навук стаў ужо ў 23 гады, а доктарам — у 33.

Навуковыя зацікаўленасці Рудага — фінансы, крэдыты, фінансавыя крызісы. Ён аўтар некалькіх навучальных дапаможнікаў. Вось спіс ягоных публікацый.

Кірыл Руды быў стыпендыстам праграмы Фулбрайта, якая фінансуецца ўрадам ЗША, і накіраваная на правядзенне навукова-даследчай работы ў адным з універсітэтаў Амерыкі. На працягу чатырох месяцаў беларус стажыраваўся ў Чыкага. Казаў, што яго выбралі на праграму, бо «ўзяў усіх сваёй маладосцю, запалам і камунікабельнасцю».

Працаваў у Чыкага над «планам фінансавай стабілізацыі краін СНД». Адразу ж сказаў, што з’язджаць у Штаты назаўсёды ён не збіраецца, так і выйшла.

Вяртанне ў Кітай

Да прызначэння ў Адміністрацыю Кірыл Руды працаваў эканамічным дарадцам у пасольстве Беларусі ў Кітаі. У сваіх навуковых працах Руды пісаў пра «ўзмацненне ўплыву КНР у свеце». «Нягледзячы на складанасць кітайскай мовы, у апошнія гады яе папулярнасць у свеце расце, што найперш звязана з ростам і неабходнасцю эканамічнага супрацоўніцтва з Кітаем».

Што датычыць самой працы, то тут інфармацыі не так шмат. Вядома, што Кірыл Руды вёў перамовы з кітайскім Дзяржбанкам аб супрацоўніцтве з Беларуссю. Браў удзел у распрацоўцы праекта кітайска-беларускага індустрыяльнага парка, што мае паўстаць пад Смалявічамі.

Прапаноўваў «Фінансавую дыету»

Пад кіраўніцтвам Кірылы Рудага не так даўно выйшла адна з самых знакавых кніг апошняга часу – «Фінансавая дыета. Рэформы дзяржаўных фінансаў Беларусі». Варта адзначыць, што да працы з «Фінансавай дыетай» былі прыцягнутыя эксперты з незалежных экпертных цэнтраў, як Beroc і ІПМ.

Руды прапаноўваў дастаткова ліберальныя рэчы ў гэтай кнізе. Напрыклад, вывесці з падначалення Міністэрстваў прадпрыемствы і акунуць іх у больш свабоднае плаванне. Руды меркаваў, што стымулы для працы прадпрыемстваў не павінны абавязкова быць адміністрацыйна-камандныя, а могуць і добраахвотна-рыначныя. Руды выступаў за больш шырокі пласт прыватных уласнікаў.

«Менавіта лібералы ставяць прыярытэтам сацыяльную сферу. Яны выступаюць за адукацыю, ахову здароўя, культуру. У свой час менавіта лібералы, а не кансерватары адмянілі рабства, увялі пенсіі, дапамогу па беспрацоўі, дапамогу сям’і. Лібералы абараняюць экалогію, выступаюць за гендарную роўнасць. Таму ў гэтым сэнсе кніга з’яўляецца выключна ліберальнай. Бо галоўным прыярытэтам «фінансавай дыеты» стаіць сацыяльная сфера», — казаў Руды на мінскай прэзентацыі кнігі.

«Калі пацыент на садзіцца на дыету, хвароба можа прагрэсаваць», — вобразна казаў чыноўнік.

Агучваў непапулярныя ідэі

Часта з вуснаў Кірылы Рудага чуліся прапановы, пасля якіх чакаць станоўчай рэакцыі грамадства не выпадала. Напрыклад, менавіта памочнік прэзідэнта агучыў ідэю скарачэння дэкрэтнага адпачынку да 2 гадоў.

«Эфект працяглага адпачынку па доглядзе за дзіцем неадназначны. Большасьць жанчын цягам чатырох-шасці месяцаў аднаўляюцца пасля родаў, калі няма ўскладненняў. Таму шмат якія еўрапейскія краіны прадстаўляюць аплочаны адпачынак менавіта на гэты перыяд», — казаў ён.

Таксама Руды меркаваў, што пяцігадовае адрозненне ў выхадзе на пенсію для мужчын і жанчын слабааргументаваныя. І прыводзіў прыклад, што гендарная роўнасць у пенсійным пытанні характэрная для развітых краін.

Заклікаў вяртацца беларусаў-эмігрантаў і шанаваў мову

У Рудага былі свае думкі і адносна кадравай палітыкі дзяржавы. Напрыклад, ён выказаў ідэю адносна вяртання ў краіну беларусаў-эмігрантаў, што атрымалі добрую заходнюю адукацыю.

«Пасля распаду Савецкага Саюза былі хвалі эміграцыі. Многія нашыя суайчыннікі з’ехалі за мяжу, і яны паспяховыя там у міжнароднай сферы, на сусветных рынках», – тлумачыў ён. На думку Рудага, жадаючых вярнуцца было б дастаткова. Аднак з моманту тых заяваў прайшло два гады, але ніводзін вяртнец не атрымаў у Беларусі высокіх пасад.

Таксама экс-памочнік прэзідэнта ўпэўнены, што будучыня за тымі людзьмі, якія культывуюць нацыянальную культуру, мову, суверэнітэт.

Шмат чаго з ідэяў Кірылы Рудага так і не былі рэалізаваныя. Пакуль невядома, хто будзе новым памочнікам прэзідэнта ў эканоміцы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?