Віталь прыляцеў у ЗША ў 2010 годзе паўдзельнічаць у папярэдняй прэзідэнцкай кампаніі. Тады ён быў у камандзе Барака Абамы, якога перавыбралі на другі тэрмін. У сёлетніх выбарах Віталь дапамагаў Берні Сандэрсу.

Спачатку беларус кіраваў штабам з 1715 чалавек у штаце Невада. Самы вялікі горад у ім — Лас-Вегас, вядомы вялікай колькасцю казіно. Менавіта там і былі арганізаваныя выбарчыя ўчасткі.

Пасля беларус быў дырэктарам палявых работ, а закончыў кампанію намеснікам дырэктара па палітычнай працы ў Нацыянальнай штаб-кватэры. На гэтай пазіцыі ён займаўся хутчэй не выбарчай кампаніяй, а лабіраваннем. Працаваў з сенатарамі, супердэлегатамі і кангрэсмэнамі па ўсёй Амерыцы.

«Мы рабілі прагнозы з дакладнасцю да 96%»

«Наша Ніва»: Як пачалася ваша палітычная дзейнасць у ЗША?

Віталь Шкляраў: Я хацеў трапіць у Амерыку яшчэ ў 2008 годзе, але працаваў на выбарах у Еўропе. Паехаў праз два гады. Напярэдадні прэзідэнцкай кампаніі 2012 года шмат працаваў у Абамы. Займаўся палявой работай, лічбавымі камунікацыямі. Гэта быў мой першы досвед палітычнай дзейнасці ў ЗША. Досыць удалы.

Уявіце, што ў палітычнай індустрыі ў ЗША ёсць свае «Оскары», толькі называюцца яны «Аварды». Прысуджае іх Амерыканская асацыяцыя палітычных кансультантаў. Нас узнагародзілі за найлепшае тэхналагічнае рашэнне і палявую работу. Мы прывязалі яе да першых айфонаў і айпадаў. У рэальным часе мы бачылі кожнага нашага чалавека, які хадзіў і грукаў у дзверы амерыканцаў.

Меркаванні выбаршчыкаў адразу сцякаліся ў вялікую базу дадзеных, якую мы ўвесь час аналізавалі.

Мы бачылі, як мяняюцца настроі людзей. Мы маглі тут жа мяняць тэлерэкламы, мэсэджынг. Гэта нават не апытанне грамадскай думкі, гэта зрэз настрояў у рэальным часе.

Калі застаюцца дні да канца выбарчай кампаніі, гэта становіцца магутным інструментам. Тады мы выкарысталі яго ўпершыню.

«НН»: Вы гаворыце пра тэхналогіі 2012 года. Ці выкарысталі штосьці новае сёлета?

ВШ: У 2008 годзе цэнтральным фокусам выбарчай кампаніі Абамы быў «Твітар». Тады гэта быў новы інструмент, дзякуючы якому можна было хутка данесці свой мэсэдж да мільёнаў людзей.

У 2012 годзе замест «Твітара» прыйшоў «Фэйсбук».

Мы аналізавалі спіс сяброў выбаршчыка, яго сацыяльны статус, месца працы, што ён чытае, якія пасты піша. Мы накладалі гэтую інфармацыю на карты Гугла і маглі прагназаваць з дакладнасцю да 96%, як прагаласуюць у гэтым доме, у гэтым пад’ездзе, у гэтай кватэры.

Мы адсылалі палявых работнікаў па канкрэтных адрасах: «Зайдзі, калі ласка, у пад’ездзе №1 яшчэ ў 8, 15 і 26 кватэру. Усе астатнія — не наш электарат». Гэта была моцная зброя 2012 года.

У 2016 годзе ў Сандэрса мы гэтак жа працавалі з «Твітарам» і «Фэйсбукам», але з’явіліся іншыя інструменты. Да прыкладу, «Слэк». Уявіце сабе адкрытую сістэму, штосьці накшталт «Фэйсбука», толькі для адной кампаніі. Віртуальная пляцоўка, дзе ўсе адначасова працуюць над вырашэннем пэўных задач. Тут няма класічнай іерархіі, усе — адно цэлае. Дырэктар кампаніі, піяр-менеджар, валанцёры — усе ў адным месцы, поўная адкрытасць. Кожны можа стварыць міні-штаб у сябе дома. Дастаткова азнаёміцца з правіламі, як на любым форуме. Адкрытая палітыка 21 стагоддзя.

Гэта быў тэставы, пілотны праект. Мы ўбачылі, як людзі з нашай каманды пачалі ўключаць крэатыўнасць і не чакаць, пакуль начальнік скажа, што ім рабіць. Раней даводзілася ўпрошваць валанцёраў, каб яны прыходзілі ў штаб дапамагчы. Цяпер жа мільёны людзей самі з задавальненнем рабілі тую ж працу дома, на пляжы ці яшчэ дзе-небудзь.

Людзі пачалі прыносіць грошы. Хто пяць даляраў, хто дзесяць. Сярэдні памер ахвяравання ў кампанію Сандэрса — 27 даляраў.

У спадарыні Клінтан, дарэчы, сярэдняя лічба ахвяраванняў у дзясяткі разоў большая. Гэта гаворыць пра тое, што ахвяроўвалі вялікія карпарацыі ці вельмі багатыя людзі.

Шанец у Сандэрса яшчэ ёсць?

«НН»: Чаму вы вырашылі падтрымліваць Сандэрса?

ВШ: Мне блізкія яго прагрэсіўныя погляды і ліберальныя каштоўнасці. Дэкрэтны адпачынак і бальнічны павінны аплачвацца, адукацыя мусіць быць даступнай для ўсіх.

Каб вучыцца ў ЗША, даводзіцца ўлазіць у даўгі на сотні тысяч даляраў. Пры гэтым асобныя амерыканскія каледжы і ўніверсітэты маюць гадавы бюджэт ці не большы, чым у Беларусі.

Адзін з галоўных пунктаў праграмы Сандэрса: мінімальны заробак — 15 долараў за гадзіну. Я жыў у Амерыцы і ведаю: у некаторых месцах плацяць так мала, што на гэтыя грошы проста не пражыць. Калі жыццё загнала чалавека ў кут, у яго проста не будзе выбару, ён пагодзіцца на любы заробак. Таму мне падаецца важным на заканадаўчым узроўні прывязаць яго да мінімальнага годнага пражытачнага мінімуму, які заслугоўвае кожны чалавек.

Еўрапейская мадэль паказала, што ўсё гэта магчыма і дзяржава можа несці такія фінансавыя растраты, напрыклад, урэзаўшы бюджэт на ўзбраенне і падтрымку іншых краін. Тады чаму Амерыка не можа гэтага зрабіць?

Я не кажу пра тое, што трэба з галавой сысці ў сацыялізм, гэта можа быць контрпрадуктыўна. І на гэтым гралі нашы апаненты: маўляў, аплачаныя бальнічныя спараджаюць гультайства. Ва ўсім павінна быць залатая сярэдзіна.

«НН»: Аднак Берні Сандэрс ужо выбыў з прэзідэнцкай гонкі.

ВШ: З афіцыйнай намінацыі яго знялі, але неафіцыйна шанцы яшчэ ёсць. Па-першае, ФБР вядзе расследаванне справы спадарыні Клінтан адносна яе дзейнасці на пасадзе міністра замежных спраў. Калі ход гэтаму расследаванню дадуць да канца выбараў, то можа здарыцца так, што ёй давядзецца зняць сваю кандыдатуру праз абвінавачванні і магчымую крымінальную справу. Тут шмат што залежыць ад генеральнага пракурора і палітыкі Белага дому, але шанец у Сандэрса яшчэ ёсць.

«НН»: Тым не менш, Абама ўжо падтрымаў Клінтан.

ВШ: Абама не мог не падтрымаць спадарыню Клінтан. Яна ўсё ж такі была міністрам замежных спраў, часткай яго каманды. Яны чатыры гады разам займаліся замежнай палітыкай. Гэта першае. Другое, што спадарыня Клінтан можа стаць першай жанчынай-прэзідэнтам. Таму ў яе прэзідэнцтве ёсць і пэўны гістарычны сэнс.

«НН»: Якія галоўныя разыходжанні ў праграмах Берні Сандэрса і Хілары Клінтан?

ВШ: Яна нязгодная з тым, што мінімальны заробак мусіць быць 15 даляраў за гадзіну. Нязгодная з пунктам пра бясплатную ці даступную адукацыю. Нязгодная з тым, што трэба знішчыць манаполію банкаў. А гэта вельмі важны пункт, таму што тры-чатыры амерыканскія банкі валодаюць прыкладна 80% капіталу ЗША.

Справа ў тым, што капіталізм у Амерыцы будавалі на свабодзе прадпрымальніцтва і руху капіталу. Тут не прадугледжваліся абмежаванні, таму многія карпарацыі ператварыліся ў гігантаў і сталі мець занадта шмат уплыву як на эканоміку, так і на звычайнае жыццё.

Натуральна, што спадарыня Клінтан не пагаджалася з тым, што манаполію банкаў трэба знішчыць. І на гэта ёсць прычыны. Асноўнымі донарамі яе кампаніі, якія ахвяравалі вялікія грошы, былі банкі і вялікія карпарацыі. У той час як спадара Сандэрса падтрымлівалі простыя людзі.

Адрозненні не радыкальныя, але значныя. Увогуле, палярнасць і градус гэтых выбараў нашмат больш высокія, чым у 2012 годзе.

Феномен Трампа і феномен выбараў 2016 года

«НН»: Як ставіцеся да кандыдатуры ад рэспубліканцаў Дональда Трампа?

ВШ: Не асабліва крытычна. Я добра разбіраюся ў палітыцы і бачу, што яго праграма — гэта частка выбарчай кампаніі. Я гляджу на тое, што ён робіць, як на стратэгію. Гэта частка маёй працы: знайсці нішу, дзе можна дагрукацца да электарату. Як бы жорстка гэта ні гучала, але сродкі апраўдваюць мэту. Знак мінуса ці плюса тут не мае вялікага значэння. Антырэклама — таксама рэклама.

У Трампа свая рыторыка, свая стратэгія, і ён яе выдатна абыгрывае. Паглядзіце, ён перамог моцных палітыкаў рэспубліканскага лагеру. Якія пункты ў яго праграме — гэта іншае.

Трэба разумець адно: падабаецца Трамп ці не — гэта найперш феномен медыйнай персоны. Выбары — велізарны медыйны час. Груба кажучы, «Фабрыка зорак» ці «Дом-2». Па падліках, якія рабілі мы і якія з’яўляліся ў прэсе, ён атрымаў медыйнай увагі прыкладна на 1,4 мільярда даляраў.

Каб дасягнуць такога цытавання, такой колькасці згадванняў у прэсе, тэарэтычна, яму трэба было ўкласці грошай больш, чым хтосьці за ўсю гісторыю прэзідэнцкіх выбараў. Ён гэта атрымаў бясплатна: проста выказваўся на краевугольныя тэмы, заточаныя пад эмацыйны дыскурс.

Вы, напрыклад, задаяце пытанне: «Як ставіцеся да мексіканцаў?». Любы паліткарэктны палітык адкажа: «Гэта частка нашай культуры» альбо штосьці ў гэтым духу. Ён нічога новага не агучыць і градус у медыя не ўзніме. А вось калі палітык скажа: «Трэба выгнаць мексіканцаў за межы нашай краіны», — усе СМІ напішуць, бо гэта сенсацыя.

Феномен Трампа вельмі цікавы. Тое, пра што ён гаворыць так адкрыта, яшчэ некалькі год таму не прымалася ў мас-медыя. Любая рыторыка такога характару азначала б гібель кандыдата ў выбарчай гонцы цягам 24 гадзін.

Чамусьці з ростам папулізму, ростам глабалізацыі, пранікнення інфармацыі ў жыццё кожнага чалавека, стаўленне да пэўных тэмаў стала нашмат прасцейшым і лягчэйшым. І ў гэтым феномен Трампа і феномен выбараў 2016 года. Што на гэтыя тэмы можна гаварыць вось так лёгка і быць не асуджаным, а пазітыўна ўспрынятым.

«НН»: Якія, па-вашаму, яго шанцы на перамогу?

ВШ: Калі ў гонцы застануцца Трамп і Хілары, ёй давядзецца моцна папацець, каб выйграць выбары. У яе ёсць моцны плюс — першая жанчына-прэзідэнт. Аднак у рыторыцы, у праграмах яны радыкальна розныя.

У Хілары шмат шкілетаў у шафе, якія Трамп будзе выцягваць вонкі. Гэта Бенгазі, гэта сакрэтныя e-mail, гэта сувязі з Уол-Стрыт і вялікія ахвяраванні банкаў у яе кампанію.

Гаворка пра напад на амерыканскае консульства ў Лівіі ў 2012 годзе, калі загінулі чацвёра амерыканцаў, у тым ліку амбасадар ЗША Крыстафер Стывенс. Хілары Клінтан у той час займала пасаду дзяржсакратара і ўзяла на сябе адказнасць за тое, што адбылося ў Бенгазі.

Таксама маюцца на ўвазе прад’яўленыя Хілары Клінтан абвінавачванні ў тым, што яна выкарыстоўвала ўласную электронную скрыню для адпраўкі і атрымання сакрэтнай інфармацыі падчас знаходжання на пасадзе дзяржсакратара ЗША ад 2009 па 2013 год. Клінтан гэта адмаўляе.

Трамп будзе гэтым карыстацца, асабліва калі ўлічыць, што ён мае безлімітны рупар у мас-медыя. Ужо цяпер ён называе Клінтан «крымінальнікам». Гэта досыць жорсткае абвінавачванне. І я думаю, што градус і ціск ён будзе павышаць. Пры тым хто ведае, што за гісторыі яго каманда магла яшчэ раскапаць.

«НН»: Калі Трамп пераможа, што гэта будзе значыць для Амерыкі?

ВШ: Вялікіх змен можна не чакаць, таму што ўлада прэзідэнта ў Амерыцы намінальная, лімітаваная. Без узгаднення ў Сенаце і Палаце прадстаўнікоў прэзідэнт мала што вырашае. З іншага боку, пакуль што большасць у Палаце прадстаўнікоў — рэспубліканцы. Таму, калі Трамп стане прэзідэнтам, гэта значна павялічыць яго сілу і магчымасць манеўравання ў палітычным сэнсе. Я не думаю, што ён рэзка пачне перакройваць карту свету. Тут людзі значна пераацэньваюць Трампа і ўладу прэзідэнта.

Відавочна адно: калі мільярдэр з такімі лозунгамі зможа дасягнуць улады, гэта пакажа, што папулізм у Амерыцы дасягнуў неймавернага маштабу.

Пра суразмоўцу

Віталь Шкляраў нарадзіўся ў 1976 годзе ў Гомелі. Вучыўся ў школе №49, потым — у Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францішка Скарыны на факультэце замежных моў.

Пасля вучыўся ў Германіі, скончыў нямецкі ўніверсітэт па спецыяльнасці «Паліталогія і сацыялогія». Пісаў доктарскую. Яе першая частка тычылася патэнцыйнай магчымасці пашырэння Еўразвязу на Беларусь, Украіну і Расію. У другой частцы высвятляў, з якімі праблемамі пашырэння бізнесу сутыкаюцца міжнацыянальныя кампаніі, калі выходзяць на рынкі Беларусі, Украіны і Расіі.

Працаваў у розных краінах Еўропы ў сферах кансалтынгу і палітыкі.

«НН»: Віталь, чаго ж вы ўсё-такі паехалі ў Амерыку?

ВШ: Хацеў набрацца досведу, падцягнуць мову. Амерыка — краіна №1 у шматлікіх галінах, там усё працуе іначай. Вось я і рвануў туды.

Мне спадабаўся Нью-Ёрк, яго атмасфера мне чымсьці нагадала сацыялізм. Маё дзяцінства. Гэта цяжка патлумачыць. Па іроніі лёсу, Амерыка і СССР, краіны, паміж якімі ўвесь час ішло супрацьстаянне, падобныя. Па ментальнасці, па духу.

У амерыканцах шмат ідэалізму, які я даўно згубіў.

Я шчыра здзіўляюся гэтай гіганцкай мультынацыянальнай дзяржаве. Там можна жыць і заставацца беларусам, яўрэям, немцам, кітайцам, кім заўгодна.

«НН»: Плануеце застацца ў Амерыцы?

ВШ: Не, я прыехаў туды працаваць. Цяпер збіраюся ў Расію дапамагаць на выбарах у дзярждуму. Трымаю нос па ветру і імкнуся туды, куды нясе жыццё. Мне падабаецца ездзіць і працаваць у палітыцы. Я Беларусь не забываю і прыязджаю даволі часта. Тут мой дом, мае бацькі, сябры.

У матэрыяле выкарыстаныя фота афіцыйнага фатографа выбарчай кампаніі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?