Сенатар, гісторык Ігар Марзалюк сёлета прымае ўдзел у парламенцкіх выбарах, ягоная ініцыятыўная група зарэгістраваная па акрузе №84 «Магілёўская-Ленінская». Мы патэлефанавалі палітыку, каб даведацца, чаму ён мяняе Савет Рэспублікі на Палату прадстаўнікоў.

«Наша Ніва»: Ігар Аляксандравіч, чаму вы вырашылі сёлета балатавацца дэпутатам у Палату прадстаўнікоў?

Ігар Марзалюк: Таму што мне так хочацца.

«НН»: А ці можна больш разгорнуты каментар?

ІМ: Я маю неабходную кваліфікацыю, каб працаваць на прафесійнай аснове ў Палаце прадстаўнікоў.

«НН»: Савет Рэспублікі — гэта вышэйшая палата парламента, цяпер жа вы сыходзіце ў ніжнюю.

ІМ: Вышэй-ніжэй — гэта такія адносныя рэчы.

«НН»: У вас ёсць спадзяванні, што станеце дэпутатам?

ІМ: Вырашыць беларускі народ і мае выбарцы.

«НН»: Вы збіраеце подпісы? Як адгукаюцца людзі?

ІМ: Добра збіраецца. Я вылучаюся менавіта шляхам збору подпісаў. Ужо нямала сабралі — выніковую лічбу даведаецеся пазней.

«НН»: Ці ёсць дастойныя кандыдаты па акрузе, апроч вас?

ІМ: Усе людзі, якія збяруць подпісы. Сапраўдныя подпісы, не сфальшаваныя, не ўласнаручна напісаныя, а менавіта САПРАЎДНЫЯ. Усе яны вартыя. Я не маю этычнага права выказвацца, што нехта мацнейшы, а нехта слабейшы.

Выбары — гэта не месца, дзе дэманструюць мускулы, альбо колькасць дыпломаў. Выбары — гэта месца, дзе адбываецца спаборніцтва ідэй, мараў, сэнсаў, дзе кожны кандыдат мусіць вылучаць планету сэнсаў і бачыць Беларусь як у бліжэйшай перспектыве, гэтак і ў далёкай. Для мяне Беларусь – гэта суверэнная, незалежная краіна, самадастатковая эканамічна і культурна, якая ніколі не страціць свой суверэнітэт.

«НН»: Гэта будзе ваш галоўны пасыл?

ІМ: Безумоўна. Суверэнітэт — гэта абдымная рэч. Гэта — і эканоміка, і культура, і мова. Усё разам, што нас робіць нацыяй. Нацыяй, якая не будзе ведаць кашмараў мінулага. Нацыяй, якая будзе стабільна развівацца і ісці ў будучыню. Няма нічога важнейшага за свой дом, дабрабыт, за сваю культуру і традыцыі. Суверэнітэт для мяне абсалютная каштоўнасць. А ўжо як мы прыбярэмся ў сваёй хаце, як мы зробім – годна, каштоўнасна – касметычны рамонт, так і будзем жыць. Толькі дурні заклікаюць разбурыць свой дом.

«НН»: Вам прынцыпова балатавацца ў Магілёве?

ІМ: Калі мяне падтрымаюць людзі, то я хачу быць прадстаўніком ад Магілёўскай акругі. Я люблю свой горад. Я буду аб'ектыўна абараняць інтарэсы гэтых людзей, калі мне гэта давераць.

«НН»: Калі вы пераможаце, вам давядзецца пакінуць працу ва ўніверсітэце?

ІМ: Чаму вы так лічыце? Я ніколі не кіну працу ва ўніверсітэце. Я захаваю за сабой працу з дыпломнымі, магістарскімі. Я буду прыязджаць на выходных. Ніколі не кіну практыкаваць навуку. Зусім нядаўна прыехаў з Цюбінгена, дзе чытаў лекцыі. Я застануся ўніверсітэцкім прафесарам. Дэпутаты атрымліваюць асноўны заробак у парламенце, але дэпутаты маюць права чытаць лекцыі. Ясна, што не ў асноўны час і не ў шкоду асноўнай працы.

У мяне цяпер ёсць матэрыялы на некалькі кніжак. Цяпер я пішу апавяданні па гісторыі Беларусі для дзяцей і раблю сінтэзны вялікі падручнік па гісторыі Беларусі ад палеаліта да 1917 года. У ХХ стагоддзе я не лезу, бо гэта не мая парафія. Працую над калектыўнымі манаграфіямі, хутка адна павінна выйсці на арабскай мове. Адно другому не замінае, трэба ўмець структураваць свой час.

Я ніколі не кіну тое, што заўсёды было сэнсам майго жыцця. Проста я лічу, што ў гэты няпросты час вельмі важна, каб краіна развівалася дынамічна. Мой розум і светапогляд не будуць лішнімі ў парламенце.

«НН»: Ці выкарыстоўваеце вы беларускую мову ў сваёй кампаніі?

ІМ: У мяне ёсць старэйшы ў ініцыятыўнай групе, ёсць хлопцы і дзяўчаты, што збіраюць подпісы. Яны выкарыстоўваюць тую мову, якую хочуць — і рускую, і беларускую. Калі мяне зарэгіструюць, то, безумоўна, асноўнай мовай будзе беларуская. Канечне, я буду выкарыстоўваць і другую дзяржаўную. Але публічна я заўсёды выступаю па-беларуску. Гэта пазіцыя, якую я не мяняў і не памяняю.

Як казаў некалі Алесь Разанаў, кожны народ стварыў адзін геніяльны твор — і гэта мова. У маім родзе да беларускай мовы заўсёды ставіліся з піетэтам, як на Захадзе, гэтак і на Усходзе Беларусі. Марзалюкі паходзяць з Стаўбцоўскага раёна, а род па маці — Мсціслаў і Краснаполле.

«НН»: Як вы думаеце, ці ёсць сёлета ў апазіцыйных кандыдатаў шанцы трапіць у парламент?

ІМ: Калі ні халеры не рабіць альбо вынурнуць невядома адкуль… Я не хачу называць прозвішчы. Калі чалавек не раскручаны, яго ніхто не ведае, ён часова беспрацоўны ўжо 15 гадоў, то якія ў яго могуць быць шанцы? А калі чалавек уяўляе асобу, калі за ім стаяць рэальныя справы ў інтарэсах радзімы, то зусім іншая справа.

Актывісты якой палітычнай партыі за апошнія 4 гады наведалі дзіцячы дом, дапамаглі дзіцячаму садку, школцы? Я ездзіў да таго, як быў сенатарам і цяпер буду ездзіць. Я не забываюся не толькі пра магілёўскіх, але і пра горацкіх, мсціслаўскіх, дрыбінскіх людзей.

Палітыка — гэта калектыўны давер таму чалавеку, які нечым сябе зарэкамендаваў. Я думаю, што незалежна ад палітычных поглядаў, тыя людзі, за якімі ёсць досвед, рэальныя справы, у такіх людзей ёсць шанцы. Але калі вы лузер, то няважна з якога боку вы ідзеце, вы лузерам так і застанецеся.

Я лічу, што плюралізм думак — гэта нармальна. Галоўнае, каб гэта было на карысць краіне. Каб людзі апелявалі не да чужых кармушак.

У мяне выразныя правацэнтрысцкія погляды. Я лічу, што чым болей прыватнай ініцыятывы і ўласнікаў — тым лепш.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру