Доктар філялягічных навук, прафэсар Павал Сьцяцко разам з калектывам з васьмі навукоўцаў унівэрсытэту імя Янкі Купалы некалькі гадоў таму падрыхтаваў да друку новы, дапрацаваны чатырохмоўны расейска-беларуска-нямецка-ангельскі фізычны слоўнік. Пакуль у аддзеле мэнэджмэнту ўнівэрсітэту вырашаюць, наколькі слоўнік можа быць запатрабаваны, у прафэсара Сьцяцко гатовыя да выданьня іншыя працы. Што зь імі будзе, таксама няясна.

Яшчэ ў 1999 годзе ў гарадзенскім унівэрсытэце імя Янкі Купалы быў выдадзены расейска-беларускі фізычны слоўнік. Паводле аўтара, выйшла толькі 100 асобнікаў. Слоўнік выкарыстоўваўся ў навучальнай рабоце. Новы яго варыянт быў падрыхтаваны яшчэ колькі гадоў таму, але аддзел мэнэджмэнту ва ўнівэрсытэце пакуль не зацьвердзіў дату выданьня.

Спадар Сьцяцко ўзгадвае, што гэты слоўнік зьбіраліся выдаць яшчэ тры-чатыры гады таму, але ўсё зьвялося да таго, што зрабіць гэта павінны былі за сродкі факультэта. А гэта азначала, што выкладчыкі на факультэце не змаглі б амаль цэлы год атрымліваць заробак.

«Цяпер нібыта яго зьбіраюцца выдаць, але ў аддзеле мэнэджмэнту кажуць, што попыт на яго малы, а значыцца, цяжка будзе выдаваць. Хоць, на маю думку, слоўнік патрэбен ня толькі для нашага ўнівэрсытэту, але для ўсёй Беларусі. Ён таксама будзе запатрабаваны і ў сярэдніх спэцыяльных установах, і ў школах для практычных мэтаў. Калі Міністэрства адукацыі зьверне на гэта ўвагу, то цалкам магчыма, што слоўнік зьявіцца накладам ужо ня сто асобнікаў, як гэта было зь першым выданьнем, а значна большым».

Паводле Сьцяцко, слоўнік зьмяшчае каля 20 тысяч тэрмінаў з розных разьдзелаў фізыкі, а таксама сумежных навукаў — астрафізыкі, біяфізыкі, хіміі, матэматыкі, электратэхнікі ды іншых.

Прафэсар Сьцяцко — аўтар звыш 600 кніг і навуковых артыкулаў. Ён падрыхтаваў манаграфіі «Антрапонімы Беларусі» і «Слоўнік прозьвішчаў Гарадзеншчыны». А яшчэ пра адну кнігу — «Дзярэчынскі слоўнік», трэцяе выданьне якой рыхтуецца да 600-годдзя мястэчка Дзярэчын Зэльвенскага раёну, спадар Сьцяцко, як кажа, распавядае ўпершыню.

«У гэты слоўнік увойдзе чатыры разьдзелы. Першы — «Лексыкон» — сам слоўнік Зэльвеншчыны. Другі — «Айконімы» — назвы населеных пунктаў Зэльвеншчыны. Трэці — «Імёны Зэльвеншчыны», чацьверты — «Прозьвішчы Зэльвеншчыны». Плянуецца, што выданьне зьявіцца дзякуючы фундатарам у гонар 600-годзьдзя Дзярэчына. Цікава будзе яго чытаць. Там, дарэчы, расшыфраваныя імёны і прозьвішчы мясцовых людзей. Многія вядомыя людзі зьвярталіся да мяне з такой просьбай і былі вельмі ўсьцешаныя, калі даведваліся пра паходжаньне свайго прозьвішча ці імя. Дарэчы, гэта і мае родныя мясьціны, я вырас на Зэльвеншчыне і быў вучнем Дзярэчынскай школы.

Спадару Сьцяцко 86 гадоў, і я цікаўлюся — ці не стаміўся ён яшчэ працаваць? Аказалася, што з 28 чэрвеня спадар Павал ужо звольнены з працы ва ўнівэрсытэце імя Янкі Купалы. Міністэрская камісія зрабіла заўвагу адміністрацыі ўнівэрсытэту, што тыя нібыта прымушаюць 86-гадовага чалавека працаваць, і рэктар не працягнуў зь ім кантракту.

«Я стаўлюся да гэтага дваяка. З аднаго боку, цяпер студэнты слаба працуюць, сьпісваюць навуковыя працы з інтэрнэту, і для мяне гэта было цяжкавата. Хоць я цалкам яшчэ працаздольны, бо мае бацькі-даўгавечнікі пакінулі мне моцныя гены. Я мог бы працаваць далей, але што зробіш, калі быў такі загад. Праўда, я застаюся кіраўніком дзяржаўнага навуковага праекту, і цяпер невядома, як быць. Мне нельга працаваць, паколькі цалкам не змагу атрымліваць сваю пэнсію, а з другога боку — дзяржаўная праграма ня будзе выконвацца».

Цікаўлюся ў спадара Сьцяцко — якую пэнсію атрымлівае ў Беларусі прафэсар, аўтар шматлікіх кніг і навуковых публікацыяў, ці можна на гэтыя грошы пражыць, не працуючы дадаткова? Прафэсар кажа:

«За кіраўніцтва дзяржаўным праектам за першы квартал мне налічылі ўсяго 380 тысяч, за другі — недзе мільён, гэта значыць, у месяц па трыста зь нечым тысяч. Мая пэнсія таксама скупая. Пакуль я працаваў, яна складала 3 мільёны 458 тысяч. Гэта практычна такая ж пэнсія, як у маёй лябаранткі зь сярэдняй адукацыяй».

Не абмінаем мы і тэму беларускамоўнага навучаньня ў Гарадзенскім унівэрсытэце, якое апошнія гады практычна зьнікае. Узгадваючы пра сваю працу ва ўнівэрсытэце імя Янкі Купалы, спадар Сьцяцко кажа, што ў 90-я гады, калі ён кіраваў катэдрай беларускага і тэарэтычнага мовазнаўства, на філялягічны факультэт набіралі да 200 студэнтаў, а цяпер — толькі адну групу з 25 чалавек.

«Незапатрабаваны сам прадмет, як і носьбіты мовы, скарачаюцца нагрузкі выкладчыкаў. Павінен сказаць, што ў дадзеным выпадку — гэта пытаньні палітыкі, а я заўсёды лічыў сябе навукоўцам. Я выхоўваў студэнтаў сваёй дысцыплінай, я паказваў адметнасьць беларускай нацыі, яе мэнтальнасьць, мову і культуру, і гэтым выхоўваў сапраўдных патрыётаў. Але я не карыстаюся нейкімі гучнымі словамі, каб папросту зьвярнуць на сябе ўвагу. Адзінае магу сказаць, што недарэмна беларуская мова занесена ў лік моваў, якія стаяць на мяжы выміраньня».

Паводле назіраньняў прафэсара Сьцяцко, апошнім часам высокае начальства зразумела неабходнасьць беларускай мовы. Але, на думку прафэсара, пакуль гэта толькі словы, а робіцца дзеля мовы яўна недастаткова.

«Пакуль усё кіраўніцтва не загаворыць па-беларуску і ўсе школы і ВНУ ня стануць карыстацца беларускай мовай, справаводзтва ня будзе весьціся на мове тытульнай нацыі, то зрухі ў гэтым кірунку будуць вельмі марудныя, і наўрад ці мы дачакаемся таго, каб не адчуваць небясьпекі зьнікненьня мовы».

Павал Сьцяцко нарадзіўся ў 1930 годзе ў вёсцы Грабава Зэльвенскага раёну. Скончыў літаратурны факультэт, аддзяленьне беларускай мовы і літаратуры Гарадзенскага пэдагагічнага інстытуту. Абараніў кандыдацкую дысэртацыю на тэму лексыкі гаворак Зэльвенскага раёну. Выкладаў у Менскім пэдагагічным інстытуце на катэдры беларускай мовы. Загадваў катэдрай расейскага, агульнага і славянскага мовазнаўства Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Пазьней зноў у Гарадзенскім дзяржаўным унівэрсытэце, на катэдры польскай філялёгіі, зь ліпеня 1990 году ўзначаліў катэдру беларускай культуры. Удзельнічаў у стварэньні першага ў Беларусі факультэту беларускай філялёгіі і культуры, пазьней узначаліў катэдру беларускага і тэарэтычнага мовазнаўства.

Мае больш за 600 апублікаваных працаў, у тым ліку больш за 30 кніг.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?