Міжнародны музычны шоўкейс-фестываль MENT Ljubljana, які адбудзецца ў сталіцы Славеніі 1—3 лютага 2017 года, запрашае беларускіх музыкаў сучасных напрамкаў. Заяўкі прымаюцца да 5 верасня пра падтрымцы Experty.by.

MENT Ljubljana з’яўляецца найбуйнейшым шоўкейс-фестывалем у рэгіёне, з прысутнасцю арганізатараў фестываляў, прадстаўнікоў лэйблаў, букераў і журналістаў з Заходняй, Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. У лютым 2016 яго наведалі больш за 3 тысячы гледачоў і 320 спецыялістаў з 27 краін свету. На фестывалі выступілі больш за 50 артыстаў з 20 краін.

Год таму беларускія артысты даслалі 60 заявак на MENT Ljubljana, з якіх арганізатары абралі Super Besse і Mustelide. Яны заслужылі багата кампліментаў ад славенскіх СМІ і замежных спецыялістаў, а таксама атрымалі шэраг карысных кантактаў. То бок беларусаў там ужо ведаюць і чакаюць. Але паўтарацца шоўкейс-фестывалі не любяць, таму ў гэтым годзе ў Любляну ад Беларусі паедзе нехта іншы.

– Беларуская дэлегацыя стала вельмі важнай і яскравай часткай мінулага фестывалю MENT Ljubljana, – кажа адзін з кіраўнікоў фестывалю Мацьяж Манчэк. – Энэргічны пост-панк Super Besse і стыльны электра-поп Mustelide зрабілі наймацнейшае ўражанне на нашу публіку і гасцей фестывалю. Акрамя таго, мы даведаліся шмат цікавага пра беларускую музычную сцэну падчас лекцыі ў межах прафесійнай канферэнцыі. Таму мы вельмі чакаем на новыя імёны з Беларусі!

– Быць удзельнікам MENT 2016, безумоўна, спадабалася, – распавядае вакаліст Super Besse Максім Кульша. – Любляна – мілы горад з відам на Альпы і адкрытымі жыхарамі. Сам шоўкейс зроблены на дастаткова высокім узроўні, а практычная карысць ад удзелу адчувалася ўжо на самім мерапрыемстве. Нас там глядзелі не толькі прадстаўнікі былой Югаславіі, але і сур’ёзныя англічане, французы, немцы. Па выніках MENT Ljubljana мы атрымалі шэраг важных запрашэнняў па канцэртах і фестывалях у розных кутках Еўропы.

Артысты, якіх абяруць арганізатары, атрымаюць кампенсацыю транспартных выдаткаў на суму 250 еўра (на гурт), жытло, бясплатны пропуск на аднаго чалавека на канферэнцыю і доступ да базы кантактаў дэлегатаў фестывалю. Заяўкі прымаюцца да 5 верасня праз букінгавы сэрвіс Gigmit. Афіцыйны сайт фестывалю www.ment.si.

Акрамя гэтага да 1 жніўня беларускія музыкі могуць падаць заяўку на літоўскі шоўкейс-фестываль What's Next In Music? (пераемнік Vilnius Music Week, у межах Loftas Fest), які адбудзецца 2 і 3 верасня ў Вільні. Пераможцы адбору выступяць перад міжнароднымі спецыялістамі на адной пляцоўцы з Daughter (Вялікабрытанія), Gesaffelstein (Францыя) і іншымі вядомымі артыстамі. Заяўкі прымаюцца праз старонку Eventbuizz.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0