Ледзь не адзіная інтрыга парламенцкіх выбараў-2016 — ці прапусцяць у парламент прадстаўніцу «Гавары праўду» Таццяну Караткевіч.
Нагадаем, падчас леташніх прэзідэнцкіх выбараў Караткевіч была адзінай прадстаўніцай незалежнага грамадства, чыё імя было ў выбарчых бюлетэнях.
Яе асноўны канкурэнт на выбарах-2016 — 36-гадовы начальнік станцыі «Мінск-Пасажырскі» Аляксандр Дражжа. Ці можна яго лічыць ухваленым прадстаўніком прэзідэнцкай вертыкалі? Выглядае, што так.
Аляксандр Дражжа.
Бясплатная газета «Вечерній Мінск» (уваходзіць у холдынг «Мінск-Навіны», заснавальнікам якога з’яўляецца Мінгарвыканкам) са 100-тысячным накладам працягвае рубрыку «Пра час. Пра краіну. Пра сябе». У яе рамках друкуюцца маналогі дзяржаўных дзеячаў і прадстаўнікоў грамадскасці.
Чые думкі былі апублікаваныя апошнім часам? Напрыклад, на старонках «Вечернего Мінска» з’явіліся Валерый Барадзеня і Людміла Кубракова — гэта дэпутаты палаты прадстаўнікоў, якія збіраюцца пераабірацца па мінскіх акругах.
Месяц таму быў Валерый Курсевіч — дырэктар Мінскага рысорнага завода, які ўваходзіць у структуру МАЗ. Як выявілася, ён таксама балатуецца ў дэпутаты як галоўны прадстаўнік ад улады па акрузе №92.
І вось героем чарговага нумару «Вечернего Мінска» стаў Аляксандр Дражжа. Начальнік станцыі «Мінск-Пасажырскі» прадстаўлены як паспяховы менеджар.
«Штомесяц абслугоўваем больш за мільён пасажыраў і стараемся рабіць усё, каб яны адчувалі сябе ўтульна. Так, у 2010 годзе ў нас адкрылася зала чакання павышанай камфортнасці — сэрвіс-цэнтр «Клуб СВ». У ім можна праводзіць дзелавыя сустрэчы, карыстацца інтэрнетам, атрымаць бясплатны чай ці каву, без чаргі купіць білет для паездкі ў гарады Беларусі, краін СНД і Балтыі. Адміністратар залы забраніруе пасажыру гасцініцу, прапануе экскурсію па Мінску або іншых знакавых мясцінах Сінявокай, выкліча таксі, раскажа пра маршруты грамадскага транспарту, замовіць столік у рэстаране…», — расказвае ён пра поспехі сваёй працы.
«Нядаўна рэканструявалі залу чакання на трэцім паверсе вакзала. Усталявалі там электроннае табло, на якім інфармацыя адлюстроўваецца на рускай і англійскай мовах, па просьбе пасажыраў абсталявалі залу прыладай для зарадкі мабільных тэлефонаў», — працягвае Дражжа.
«У нашай краіне робіцца ўсё магчымае, каб палепшыць узровень жыцця насельніцтва. Беларуская чыгунка ў сваю чаргу клапоціцца пра камфорт і якасці абслугоўвання пасажыраў. Актыўнымі тэмпамі ідзе абнаўленне рухомага складу, развіваецца інфраструктура», — упэўнены ён.
* * *
Аляксандр Дражжа нарадзіўся ў Гомелі ў 1980 годзе. Мае тры вышэйшыя адукацыі — Акадэмію кіравання і двойчы Беларускі дзяржаўны універсітэт транспарту.





