У судзе Мінскага раёна разглядаецца крымінальная справа ў дачыненні да 11 жыхароў Пухавіцкага раёна. Мужчыны абвінавачваюцца ў тым, што ў 2013—2014 гадах выкрадалі і гвалтавалі прастытутак, якія працавалі на трасе.
Як паведамілі Naviny.by у судзе, разгляд справы пачаўся 5 ліпеня. Ні адзін з абвінавачаных сваёй віны не прызнае. Працэс праходзіць у закрытым рэжыме.
Злачынствы здзяйсняліся па адной схеме. Група мужчын пад'язджала на аўтамабілі да прыпынкаў грамадскага транспарту на шашы Мінск—Магілёў, дзе збіраліся прастытуткі. Пасажыры загадзя выходзілі з аўтамабіля, а кіроўца пад выглядам кліента пад'язджаў да дзяўчат і дамаўляўся з кім-небудзь з іх аб аказанні сэксуальных паслуг. Атрымаўшы згоду дзяўчыны, запрашаў яе ў машыну і блакаваў дзверы. Ужо на дарозе, ва ўмоўленым месцы, да яго падсаджваліся астатнія.
У некаторых выпадках дзяўчыну гвалтоўна запіхвалі ў машыну. Ахвяры вывозіліся ў розныя населеныя пункты Пухавіцкага раёна і іншыя месцы. Іх гвалтавалі, здзяйснялі іншыя дзеянні сэксуальнага характару. Былі выпадкі, калі ў дзяўчат адкрыта адбіралі грошы і асабістыя рэчы.
Усяго па справе праходзіць 14 пацярпелых.
Абвінавачаных судзяць па розных артыкулах або частках артыкулаў Крымінальнага кодэкса: кагосьці па арт. 166 (згвалтаванне), кагосьці — па арт. 167 (гвалтоўныя дзеянні сэксуальнага характару) і іншых артыкулах.
Некаторыя з абвінавачаных раней судзімыя. Многія жанатыя, у іх ёсць дзеці.
Род дзейнасці абвінавачаных не паведамляецца, але вядома, што яны працуюць у Мінску, а жывуць у Пухавіцкім раёне.
У выпадку пацвярджэння віны ў судзе ім можа быць прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін да 15 гадоў.





