Следчым упраўленнем УСК па Гомельскай вобласці завершана расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні да ўрача-эндаскапіста, які абвінавачваецца ў атрыманні незаконнай узнагароды за садзейнічанне ва ўхіленні ад вайсковай службы. Справа была распачата на падставе матэрыялаў упраўлення КДБ па Гомельскай вобласці.

У 2013 і 2015 гадах абвінавачваны па просьбе знаёмага дапамог чатыром прызыўнікам імітаваць язвавую хваробу страўніка, якая, згодна з пастановай Міністэрства абароны і Міністэрства аховы здароўя, з'яўляецца падставай для вызвалення ад вайсковай службы ў мірны час.

Для стварэння бачных прыкмет язвы урач уводзіў у страўнік пацыентаў эндаскоп і адшчыкваў фрагменты ўнутранай абалонкі. Затым інструктаваў прызыўніка, як правільна паказаць уяўную хваробу пры праходжанні медыцынскай камісіі на тэрміновую ваенную службу. За аказанне такой паслугі абвінавачваны атрымліваў ад 100 да 200 долараў. У выніку прызыўнікам удалося атрымаць адтэрміноўку ад прызыву на вайсковую службу.

Гэтыя дзеянні ўрача-эндаскапіста кваліфікаваныя следствам па ч. 1, 2 арт. 433 (прыняцце незаконнай узнагароды) і ч. 6 арт. 16, ч. 2 арт. 435 Крымінальнага кодэкса (аказанне садзейнічання ва ўхіленні ад мерапрыемстваў прызыву на вайсковую службу, учыненае шляхам наўмыснага прычынення сабе цялеснага пашкоджання, сімуляцыі захворвання).

З крымінальнай справы выдзелены матэрыял праверкі ў дачыненні да асоб, якія з'яўляліся пасрэднікамі паміж абвінавачаным і прызыўнікамі, а таксама ў дачыненні да саміх прызыўнікоў. Іх дзеянням будзе дадзена прававая ацэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?