У рэанімацыі бальніцы хуткай меддапамогі Мінска знаходзяцца чацвёра пацыентаў, пацярпелых у выніку буры 13 ліпеня, паведаміў намеснік галоўнага ўрача бальніцы па медыцынскай частцы Барыс Піскун.

Паводле яго слоў, усяго ў бальніцу звярнуліся 17 чалавек, пяцёра шпіталізаваныя. З іх чацвярым зробленыя аперацыі. Так, аперацыя спатрэбілася мужчыну з тупой траўмай брушной і грудной поласці, разрывам сальніка. Яго стан зараз стабільны.

Аперацыя таксама спатрэбілася пацыенту з разрывам печані. Ён быў траўмаваны кавалкам дрэва, што зваліўся на яго. Стан яго таксама стабільны.

Піскун адзначыў, што пацыенты часта атрымліваюць сур'ёзныя закрытыя траўмы брушной поласці.

Напрыклад ад удару ў жывот, у выніку якога не застаецца нават сіняка, разрываецца селязёнка. Такім чынам, сказаў Піскун, працяг болі ў жываце з'яўляецца абавязковай падставай для звароту да ўрача для выключэння пашкоджанняў органаў брушной поласці.

Цяжкую траўму з пашкоджаннем шкілета твару атрымаў мужчына, якога даставілі з месца працы. «Мужчыну прывёз прараб з будоўлі. Кавалак шыферу трапіў пацыенту ў твар. Ён паступіў у аперацыйную без рэгістрацыі ў прыёмным пакоі. У яго сур'ёзныя пашкоджанні шкілета твару. Цяпер стан кампенсаваны, ён знаходзіцца на апараце штучнага дыхання ў стане медыкаментознага сну. Гэта будзе доўжыцца мінімум чацвёра сутак і ў ліку іншага пазбавіць пацыента ад болю і ўскладненняў», — сказаў урач.

Яшчэ ў аднаго пацыента, які атрымаў пералом галёнкаступнёвага сустава, медыкі падазравалі таксама траўму ўнутраных органаў. Яе выключылі пасля правядзення дыягнастычнага малаінвазіўнага ўмяшання. Гэтага пацыента 14 ліпеня плануецца перавесці з рэанімацыі.

У бальніцу шпіталізаваныя пацыенты з менш цяжкімі траўмамі. Напрыклад дзяўчына, на якую ўпаў дах альтанкі. У яе лёгкая траўма галавы.

Піскун адзначыў, што падчас урагану, буры, рэзкага ўзмацнення ветру неабходна перш за ўсё шукаць сховішча.

«Нельга заставацца на адкрытай прасторы, неабходна шукаць найбліжэйшае сховішча, прычым не каля дрэва або трухлявай хаткі, а зайсці, напрыклад, у будынак крамы. У выпадку калі вы атрымалі хоць нейкую траўму, для выключэння ускладненняў неабходна звярнуцца па медыцынскую дапамогу», — сказаў Піскун.

Ён адзначыў, што ўсе грамадзяне Беларусі ў выпадку неабходнасці могуць звяртацца па медыцынскую дапамогу ў любую ўстанову аховы здароўя краіны. «Сярод пацярпелых у выніку ўрагану пацыентаў, якія да нас звярнуліся, — сказаў урач, — былі жыхары розных рэгіёнаў Беларусі і нават замежныя грамадзяне. Брыгады хуткай дапамогі даставілі сем чалавек, двое прыехалі па накіраванні паліклінік, восем звярнуліся самастойна».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?