Фота image.tsn.ua.
Ноччу ён спрабаваў звязацца з беларускай амбасадай, каб атрымаць пэўную дапамогу.
Што з гэтага выйшла, ён апісаў на сваёй старонцы ў фэйсбуку:
«Учора трапілі пад абстрэл у Ніцы каля 22:30. Пачулі стрэлы, і натоўп пабег (была паніка). Жонка ўпала, я з дзіцем на руках.
Беглі каля хвіліны і ўвесь час чулі стрэлы ззаду, як быццам тэрарысты ідуць і страляюць. Схаваліся ў гасцініцы. Там далі ваду, коўдру, падушкі. Аўстрыйцы пусцілі дзіцяці з цешчай у нумар паспаць. У тры гадзіны ночы ўсіх бясплатна развезлі па дамах.
Патэлефанавалі ў дзве ночы ў наша беларускае пасольства ў Парыжы: дзяжурны сказаў, што звяжацца з консулам і ператэлефанаваў праз 5 хвілін (жонка папраўляе: дзяжурны папрасіў нас яму ператэлефанаваць і яшчэ не браў слухаўку два разы). Адказ: «Нічым вам не можам дапамагчы, бо ў Ніцы няма прадстаўніцтва. Выбірайцеся самі». З амбасады так ніхто не ператэлефанаваў і не пацікавіўся, у якім мы стане і дзе знаходзімся. Амбасада Беларусі адпачывала. Раніцай у жонкі і цешчы здарылася істэрыка.
Пазванілі ў МЗС (тэл. 2327292). Сакратарка сказала, што злучае з аддзелам па надзвычайных сітуацыях, але за тры хвіліны мы так ні з кім і не пагаварылі. І ніхто не ператэлефанаваў. Прыкладна ў 11:00 хацелі памяняць квіткі ў «Белавіі» (тэл. 2202555), апісалі сітуацыю. Нам сказалі, што трэба аплаціць штраф за перанос даты квіткоў. Скончыліся грошы на трох тэлефонах вэлком. Сваякі ў Мінску напісалі заяву ў «Белавія» і толькі ў панядзелак скажуць, ці магчымы перанос. Расіяне скупляюць квіткі і ў панядзелак, думаю, месцаў ужо не будзе.
Дзякуй аўстрыйцу, які пусціў дзіцяці заначаваць. Дзякуй персаналу гатэля. І асобнае «фе» нашым беларускім службам.
Больш чэрствага стаўлення да сваіх суайчыннікаў, якія трапілі ў бяду, ад нашых чыноўнікаў мы не сустракалі».
«Наша Ніва» дазванілася ў беларускае МЗС з пытаннем, ці магло такое быць.
Там выпадак не абверглі і не пацвердзілі. Сказалі толькі, што ў іх ужо ёсць дамова з «Белавіяй», якая не будзе спаганяць штраф за абмен квіткоў у сувязі з тэрактам.





