Польшчы і іншым еўрапейскім краінам трэба развіваць палітычныя адносіны з Турцыяй, нягледзячы на спробу ваеннага перавароту і хвалю арыштаў, якія пракаціліся па краіне пасля яго — заявіў старшыня Адэскай АДА Міхаіл Саакашвілі, выступаючы на Варшаўскай усходнееўрапейскай канферэнцыі. Таксама ён заклікаў Польшчу стварыць «пояс супрацоўніцтва» з дзяржавамі Чарнаморскага рэгіёну, перадае radyjo.net.

Міхаіл Саакашвілі запрапанаваў стварыць «пояс супрацоўніцтва», які бы ўключаў Польшчу й краіны Чарнаморскага басэйну, у тым ліку Ўкраіну, Азэрбайджан і Грузію. На думку былога прэзыдэнта Грузіі й цяперашняга кіраўніка Адэскай вобласьці, гэтыя краіны маюць супольныя інтарэсы, а іх супрацоўніцтва стане дадатковай гарантыяй бясьпекі ў часы «надзвычайнай слабасьці Захаду». З такой прапановай Міхаіл Саакашвілі выступіў на XIII Варшаўскай усходнеэўрапейскай канфэрэнцыі, якая адчынілася ў панядзелак у сьценах Варшаўскага ўнівэрсытэту.

Польшчы й іншым эўрапейскім краінам трэба разьвіваць палітычныя адносіны з Турцыяй, нягледзячы на спробу вайсковага перавароту і хвалю арыштаў, якія пракаціліся па краіне пасьля яго – заявіў Міхаіл Саакашвілі, выступаючы на Варшаўскай усходнеэўрапейскай канфэрэнцыі. Таксама ён заклікаў Польшчу стварыць «пояс супрацоўніцтва» з дзяржавамі Чарнаморскага рэгіёну.

«Пасьля таго, што адбылося два дні таму, Турцыя адыходзіць ад нашых агульных уяўленьняў пра тое, як палітыка павінная рабіцца ў эўрапейскай краіне, аднак усе дзяржавы рэгіёну аб’ядноўвае жаданьне мірнага жыцьця для будучых пакаленьняў, зацікаўленасьць у стабільнай пастаўцы энэргарэсурсаў і жаданьне ўстойлівага эканамічнага разьвіцьця», – зазначыў былы прэзыдэнт Грузіі.

На думку Міхаіла Саакашвілі, альянс Польшчы й краінаў Чарнаморскага басэйну дасьць яго ўдзельнікам дадатковыя гарантыі бясьпекі ў часы «выключнай слабасьці Захаду».

М. Саакашвілі: Польшча, Украіна, магчыма Малдова, Грузія, Азэрбайджан, Турцыя, і, я спадзяюся, Армэнія – пасьля таго як пытаньні канфлікту на Паўднёвым Каўказе будуць вырашаныя – павінныя стварыць нешта накшталт поясу супрацоўніцтва, які дапаможа кампэнсаваць выключную слабасьць Захаду. Мы можам хаця б сфармуляваць агульныя накірункі ды ўзмацніць патэнцыял бясьпекі ў імя будучыні. Вельмі важна, каб мы пачалі рабіць гэта цяпер – не адкладваючы гэтай справы.

Польшча й краіны Чарнаморскага басэйну маюць прагматычныя інтарэсы, таму іх кіраўнікі павінныя сесьці за стол перамоваў. «Захад вельмі слабы, і мы ўсе гэта ведаем», зазначыў Міхаіл Саакашвілі яшчэ раз, камэнтуючы журналістам сваю прапанову.

Аднак экс-прэзыдэнт Грузіі застаецца перакананы, што як Украіну, так і Грузію раней ці пазьней прымуць у NATO.

М. Саакашвілі: Крайняя слабасьць Захаду пройдзе – гэта цыклічная зьява. Дарэчы, я ня думаю, што нядаўні саміт NATO быў дрэнным. Яго рашэньні стварылі пэўныя рамкі для стрымліваньня Расеі. Адносіны Захаду да Масквы зьмяніліся. Нядаўні саміт NATO быў у гэтым пляне сымбалічным. Я ня ведаю, калі дакладна адбудзецца прыняцьцё нашых краінаў у шэрагі Альянсу – аднак я думаю, значна хутчэй, чым мы сабе ўяўляем. Праўда, я ня ведаю, што адбудзецца хутчэй – пашырэньне NATO ці дэзінтэграцыя Расеі.

Адказваючы на пытаньні публікі, Міхаіл Саакашвілі расказаў, чаго за год кіраваньня вобласьцю яму ўдалося дабіцца ў Адэсе.

М. Саакашвілі: Першы раз у гісторыі Адэская вобласьць мае некарумпаваную адміністрацыю – і гэты факт прызнаюць усе. Таму калі мяне пытаюць: «А дзе рэзультаты? Ці пабудавалі вы ўжо сто хмарачосаў, супэрмаркетаў, чыгунку й міжнародны аэрапорт з гадавым абаротам у 20 мільёнаў пасажыраў? », я кажу: «Дайце час!». Другая рэч, якой мы дабіліся – гэта стварэньне абсалютна новай каманды. І гэтая каманда калі-небудзь будзе кіраваць Украінай. Адэса – гэта лябараторыя. Аднак мы ня маем ілюзіяў. Зьменаў можна дабіцца толькі правеўшы зьмены ў Кіеве. Таксама Батумі быў некалі адбудаваны пасьля пераменаў у Тбілісі. Мы стварылі вялікі пакет заканадаўчых прапановаў, які называецца «Адэскі пакет рэформаў». Ён датычыцца дэрэгуляцыі бізнэсу, разбурэньня бюракратычных бар’ераў, дэцэнтралізацыі і зьніжэньня падаткаў. Думаю, на працягу году Ўкраіна павінна яго прыняць.

Прадстаўнік грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь» Зьміцер Бандарэнка

Прадстаўнік грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь» Зьміцер Бандарэнка

Зьміцер Бандарэнка з грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь» папрасіў Міхаіла Саакашвілі дапамагчы беларусам, якія ваююць у Данбасе на баку Ўкраіны, атрымаць легальны статус. Таксама ён папрасіў пракамэнтаваць, чаму ўкраінскія і грузінскія ўлады захоўваюць добрыя адносіны з аўтарытарным рэжымам Аляксандра Лукашэнкі. Супраца з Лукашэнкам ня значыць, што Ўкраіна і Грузія ня хочуць дэмакраты і ў Беларусі – адказаў Міхаіл Саакашвілі.

М. Саакашвілі: Гэта ня значыць, што мы не сымпатызуем ідэі свабоднай Беларусі. Альтэрнатывы свабоднай Беларусі няма. Аднак для таго, каб Беларусь была свабоднай, каб разьвівалася ідэя свабоды й дэмакратыі, трэба, каб Беларусь захавалася як дзяржава. Вы ведаеце, што гэтае пытаньне таксама стаяла. Ня толькі Пуцін, а многія расейцы, з-за іх прапаганды, ня могуць зразумець, навошта існуе дзяржава Беларусь і пытаюцца, хутка яна скончыцца ці не. Давайце спачатку захаваем дзяржаву.

Міхаіл Саакашвілі заявіў, што ён перакананы ў «ашаламляльна добрай» будучыні Беларусі. «Я маю вельмі высокае меркаваньне пра патэнцыял Беларусі й вельмі аптымістычна настроены, выдатна разумеючы ўсе цяжкасьці, якія існуюць – падкрэсьліў былы прэзыдэнт Грузіі.

Выступ Міхаіла Саакашвілі не абышоўся без скандалу. Двое грамадзкіх актывістаў публічна абвінавацілі яго ў катаваньні вязьняў у часы яго прэзыдэнцтва, заявілі што Саакашвілі – гэта «Грузінскі Пуцін» і паспрабавалі разгарнуць транспарант. Канфлікт быў вырашаны на працягу двух хвілін. Ахова ўнівэрсытэту карэктна выдаліла маніфэстантаў з залі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0