Гендырэктар дзяржаб'яднання «Белпалівагаз» Леанід Рудзінскі упэўнены, што цана на прыродны газ для насельніцтва ў 2017 годзе будзе павялічана. Пра гэта ён заявіў 21 ліпеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску.
«Сёлета вызначана [цану на газ для насельніцтва] не чапаць. У наступным годзе цана на газ падымецца. Я ў гэтым не сумняюся», — сказаў Рудзінскі.
Цяпер насельніцтва плаціць за газ у сярэднім па 60 даляраў за тысячу кубаметраў, тады як рэальны сектар эканомікі — 189 даляраў, растлумачылі ў «Белпалівагазе». І толькі 7,5% насельніцтва плацяць поўны кошт.
Каго ў першую чаргу закране павышэнне тарыфаў? «Адназначна будзем рабіць больш жорсткай дыферэнцаваную цану ў залежнасці ад аб'ёмаў спажывання», — сказаў Рудзінскі.
«Белпалівагаз» таксама прапануе распрацаваць «адзіную цану на газ зімой і летам». «Гэта адна з прапаноў па паляпшэнні абслугоўвання насельніцтва. Таму што ўзімку яны шмат плацяць, а летам — паменш», — сказаў Рудзінскі. «Гэта будзе сярэдняя цана. Яе лёгка пралічыць», — дадаў ён.





