Галівудская кінакампанія Legendary Entertainment атрымала правы на экранізацыю гульні пра пакемонаў.
Кампанія, якая адказвае за стварэнне фільмаў «Гадзіла», «Свет Юрскага перыяду» і «Цёмны рыцар: Адраджэнне легенды», купіла правы на экранізацыю у Pokemon Company на фоне ўсплёску папулярнасці пакемонаў з-за выхаду гульні для смартфонаў Pokemon Go.
pcadvisor.co.uk
Здымкі паўнаметражнага фільма з удзелам як рэальных акцёраў, так і анімацыйных персанажаў пачнуцца ў 2017 годзе. Паводле дадзеных СМІ, першы фільм будзе заснаваны на гульні Nintendo «Вялікі дэтэктыў Пікачу». Іншыя дэталі пакуль трымаюцца ў сакрэце.
У бясплатнай гульні Pokemon Go для смартфонаў карыстальнікі шукаюць пацешных монстраў, якія былі раскіданыя ў віртуальным свеце, накладзеным на карту навакольнай мясцовасці.
Змешванне рэальнай рэчаіснасці і фантастычных элементаў прынесла гульні неімаверную папулярнасць.
Колькасць штодзённых карыстальнікаў гульні ацэньваецца амаль у шэсць мільёнаў чалавек. Паводле дадзеных аналітычнай кампаніі SimilarWeb, у сярэднім гулец праводзіць за гульнёй 43 хвіліны і 23 секунды ў дзень. Гэта больш, чым сярэдні карыстальнік штодня праводзіць у такіх праграмах, як WhatsApp, Instagram або Snapchat.





