Афіцыйная Масква выказала сваё «расчараванне» новай рэдакцыяй «Белай кнігі» — ключавога стратэгічнага дакумента Міністэрства абароны Германіі.
Пра гэта заявіла прадстаўнік МЗС РФ Марыя Захарава, паведамляе Deutsche Welle.
«Мы з расчараваннем азнаёміліся з новай рэдакцыяй так званай «Белай кнігі» Бундэсвера… Выпад Берліна не можа не выклікаць шкадавання і будзе улічаны намі ў працы на расійска-нямецкім кірунку», — сказала Захарава.
Паводле яе слоў, у стратэгіі нямецкай арміі выкладзены «ўвесь набор клішэ, якія смела можна назваць несправядлівымі абвінавачваннямі ў бок Расіі».
Нагадаем, урад Германіі 13 ліпеня ўхваліў «Белую кнігу», дзе сфармуляваная новая стратэгія краіны ў сферы бяспекі і абароны.
Новая рэдакцыя ўлічыла змены ў сферы бяспекі, якія адбыліся з 2006 года, калі была прынятая папярэдняя рэдакцыя гэтага дакумента.
У актуальнай версіі, у прыватнасці, згадваецца пра напружаныя адносіны з Расіяй пасля канфлікту вакол Украіны. Мяркуецца, што РФ стане новым выклікам для бяспекі Еўропы.





