Наша каманда адолела стадыю другога кваліфікацыйнага раўнда Лігі Еўропы. Хаця перад пачаткам двубою ўсе спецыялісты, а таксама букмекерскія канторы аддавалі безумоўную перавагу венгерскаму «Дэбрэцэну».
Першая сустрэча тыднёвай даўнасці ў Венгрыі скончылася сенсацыйнай перамогай каманды з горада БелАЗаў. Беларусы прапусцілі ўжо на другой хвіліне, і, можа быць, некаторыя пачалі чакаць разгрому, аднак аўтазаводцы яшчэ да перапынку адыграліся, а на самым флажку гульні Яўген Клапоцкі вырваў перамогу – 2:1.
Гэта пакідала добры задзел беларусамі перад сустрэчай у адказ. Аднак трэнер «Дэбрэцэна» ўвесь час пераконваў, што гэта проста выпадковасць і ягоная каманда яе абавязкова выправіць.
Ля жодзінскага стадыёна пануе сапраўдны камунізм. Мяркуйце самі, вось цэны на некаторыя прадукты: бяляш — 37 капеек, піражок з рысам — 15, ромавая баба — 30, слаёны язычок — 19, чай — 30, кава — 42. Дзе вы апошні раз такі цэннік бачылі?
Прыемна ўразіла падтрымка жодзінскай каманды. Прыйшло багата людзей, як на цэнтральныя трыбуны, гэтак і на фанацкі сектар. Апошнія асабліва парадавалі выкананнем хіта «Ляпіса Трубяцкога» «Не быць скотам». Відэа глядзіце пазней на нашым сайце. Агулам на гульню прыйшло 2650 гледачоў.
Так і не было зразумела, за кошт чаго ж венгерскі клуб збіраецца перамагаць у Жодзіна. Сезон у Венгрыі яшчэ афіцыйна не пачаўся, і нашы госці выглядалі нясвежымі. У гульцоў «Тарпеда» ж, наадварот, хапала спрыту і сілы.
Адзіны гол на 25-ай хвіліне гульні забіў форвард «чорна-белых» Вадзім Дземідовіч, які адгукнуўся на перадачу навічка Загінайлава.
І далей Жодзіна больш валодала мячом, больш стварала небяспекі ля Радошавіча. Чаго варты хаця б удар у бэльку за 5 хвілін да канца гульні Яўгена Клапоцкага. Калі ж не паспявала абарона, сваё важкае слова браў наш брамнік Валерый Фамічоў.
«Тарпеда» перамагло сёння «Дэбрэцэн» з лікам 1:0, а па суме двух сустрэч – 3:1. Прыемны сюрпрыз ад нашай каманды.
У наступным раўндзе жодзінцы сустрэнуцца з венскім «Рапідам». Першая гульня адбудзецца ўжо на наступным тыдні.
Таксама сёння ў гасцях свае матчы праводзяць мінскае «Дынама» з ірландскім «Сэнт-Патрыкам» і салігорскі «Шахцёр» з славенскім «Дамжале». Першыя матчы ў абедзвюх парах прынеслі нічыйныя вынікі 1:1.





