22 ліпеня работнікаў завода «Магілёўліфтмаш» чакае шэраг абмежаванняў. Трапіць на завод можна будзе па пашпартах і прапусках. Да 17-й гадзіны не будзе працаваць сталовая, але ежу з сабой рэкамендуецца прыносіць мінімальна — на ўваходзе будзе правярацца ручная паклажа. Прыходзіць на завод з заплечнікамі забаронена.
Фота з сацсетак
Аўтастаянкі завода будуць зачыненыя. Уваход у цэхі будзе адбывацца праз рамкі металашукальнікаў. Адпаведныя ўказанні змешчаныя ў інструкцыі, якая трапіла ў сацсеткі.
Гэтыя ды іншыя меры прымаюцца ў сувязі з тым, што ў пятніцу на завод прыбудзе Аляксандр Лукашэнка. Будучы прыезд кіраўніка дзяржавы на «Магілёўліфтмаш» пацвердзілі і ў яго прэс-службе. Праўда, раскрываць мэты паездкі кіраўнік прэс-службы Сяргей Пелюшкевіч не стаў:
«Ёсць такія планы… Дачакайцеся, пакуль мы наведаем прадпрыемства, а потым усё прачытаеце».
Дарэчы, аўтастаянкі завода ужо з сённяшняга дня стаяць пустыя. Аўтамабілі запаркаваныя ўздоўж праезнай часткі дарог.





