Прэзідэнт Францыі Франсуа Алянд заклікаў да службы тысячы рэзервістаў жандармерыі і паліцыі, якія могуць стаць асновай новай Нацыянальнай гвардыі краіны, перадае euronews.com.
«Я вырашыў заклікаць на службу мужчын і жанчын, якія, працягваючы сваю вучобу ці працу, добраахвотна запісаліся служыць справе абароны Францыі. Я кажу пра вас. Мы ўжо маем 12 тысяч рэзервістаў з вайсковай жандармерыі і цывільнай паліцыі», — сказаў прэзідэнт падчас выступу ў падрыхтовачным лагеры жандармерыі.
@fhollande
На службу будзе паклікана яшчэ 15 000 чалавек з ліку рэзервістаў. Да таго ж жандармерыя набірае і трэніруе дадатковых рэзервістаў, якія будуць спалучаць працу і службу.
«Можна сказаць, што праз вас Францыя стварае Нацыянальную гвардыю», — сказаў Алянд рэзервістам, перадае радыёстанцыя RFI.
Прэзідэнт таксама заклікаў усё насельніцтва далучацца да грамадскіх арганізацый узаемнай дапамогі, вучыцца аказваць першую медыцынскую дапамогу і атрымліваць веды ў галіне цывільнай абароны.
Раней французскі парламент падоўжыў надзвычайны стан у краіне на 6 месяцаў, які быў уведзены пасля таго, як на мінулым тыдні тэрарыст у Ніцы забіў больш за 80 чалавек.
Французская Нацыянальная жандармерыя - частка Узброеных сіл, якая ў мірны час падпарадкоўваецца Міністэрству ўнутраных спраў. Большасць яе службоўцаў выконваюць звычайныя паліцэйскія функцыі ў сельскай мясцовасці і малых мястэчках, у калоніях.
У той жа час Нацыянальная жандармерыя ўключае Мабільную жандармерыю (аналаг АМАП) і Групы рэагавання (падраздзяленні для барацьбы з тэрорам і арганізаванай злачыннасцю).
Нацыянальная гвардыя ў Францыі была створана ў 1789 годзе як сродак забеспячэння грамадскай бяспекі сіламі актыўных грамадзян. Яна праіснавала з невялікім перапынкам да 1872 года, і была расфармаваная пасле паўстання Парыжскай камуны, да якой далучылася частка найбольш незаможных гвардзейцаў.





