Рака Прыпяць — гэта сапраўдная крыніца жыцця для беларускага Палесся. Увесну, асабліва пасля снежнай зімы, рака лёгка можа разліцца нават на дзесяць і болей кіламетраў. Але як толькі вада спадзе і рака вернецца ў сваё русла, яе пойма становіцца сапраўдным раем для мноства раслін, птушак і жывёл. Нездарма на сваім шляху рака праходзіць праз дзве вялікія прыродаахоўныя тэрыторыі — Нацыянальны парк «Прыпяцкі» і Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік.

Нават адзін дзень, праведзены побач з ракой, пакіне безліч уражанняў і дазволіць адчуць усё хараство палескай прыроды. Таму прапануем перанесціся туды разам з фатографам Віктарам Малышчыцам і пражыць адзін дзень каля Прыпяці – ад світанку да світанку. Амаль усе фота зробленыя цягам аднаго дня ў запаведнай зоне Нацыянальнага парку «Прыпяцкі».

Першыя промні сонца асвятляюць прыпяцкія паплавы, сярод якіх там-сям раскіданыя велічныя дубы, нізкарослы кустоўнік і шматлікія пойменныя азёры-старыцы.

Над азёрамі сцелецца туман, між дубоў па пояс стаіць трава, і толькі адмеціны на дрэвах паказваюць, што ўсё гэта хараство разам з дарогай раз-пораз сыходзіць пад ваду падчас паводак.

Сонца хутка разганяе ранішні туман, і пачынаецца чарговы сонечны дзень. Дарэчы, на Гомельшчыне назіраецца найбольшая колькасць сонечных дзён у Беларусі.

Бліжэй да ракі дрэвы саступаюць месца шырокім лугам, якія ўлетку ператвараюцца ў рознакаляровы дыван з красак.

Над ракой паціху згушчаюцца фарбы вечара:

Ноч у такім месцы пакідае незабыўныя пачуцці, бо дакладна ведаеш, што ў запаведнай зоне ты цяпер сам-насам разам з Млечным Шляхам, зоркамі, салаўямі, туманнай роўняддзю вады і лісой, якая неабачліва падышла занадта блізка.

Праўда, летнія ночы ў Беларусі светлыя і кароткія. І хоць на Палессі зоркамі любавацца лепш за ўсё, нават тут паўночная частка неба асвятляецца неглыбокім сонцам усю ноч – звярніце ўвагу на левую палову гэтага здымка:

Ужо праз некалькі гадзін неба зноў пачынае ззяць залатымі промнямі. Час вяртацца дадому, таму пад промнямі ўзыходзячага сонца развітваемся з Прыпяццю, каб, канешне, вяртацца сюды яшчэ не раз.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?