Беларускія хрысціянскія дэмакраты 30 ліпеня ў Мінску насупраць новай рэзідэнцыі Аляксандра Лукашэнкі па праспекце Пераможцаў правялі пікет памяці зніклага 17 гадоў таму міністра ўнутраных спраў Беларусі Юрыя Захаранкі і ў падтрымку яго маці спадарыні Улляны.

Мінчане ставілі подпісы пад патрабаваннямі маці палітыка, якая просіць прызнаць свайго сына памерлым. Гэта трэба і для ўшанавання яго памяці, і для вырашэння шэрагу іншых пытанняў.

У пікеце ўдзельнічалі сустаршыня аргкамітэту БХД Віталь Рымашэўскі, адказны сакратар Дзяніс Садоўскі, лідар Маладых хрысціянскіх дэмакратаў Марына Хоміч, кіраўнік Хрысціянска-дэмакратычнага руху Вольга Кавалькова і іншыя. Пікет праходзіў пад бел-чырвона-белымі сцягамі з партрэтамі Юрыя Захаранкі.

«Людзі самі падыходзілі, ставілі свае подпісы. Некаторыя з іх нават захацелі далучыцца да хрысціянскай дэмакратыі. У адрозненне ад беларускіх уладаў менчукі памятаюць былога міністра. Тое, што зараз адбываецца з боку ўладаў, - гэта нішто іншае, як здзек з памяці сумленнага афіцэра беларускага МУС і мужнага грамадзяніна, як здзек з яго маці. З аднаго боку сапраўднае следства не вядзецца, з другога боку яго не прызнаюць загінулым», - адзначыў Віталь Рымашэўскі.

Ён адзначыў, што заява маці Юрыя Захаранка будзе разглядацца ў панядзелак 1 жніўня ў Мінскім гарадскім судзе па вуліцы Дуніна-Марцінкевіча, 1. Пачатак а 10:00. Сустаршыня БХД заклікаў усіх прыйсці да суда, каб ушанаваць памяць былога міністра і падтрымаць спадарыню Улляну.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?