Каля Менскага гарадзкога суду, дзе сёньня разглядаецца касацыйная скарга 92-гадовай маці генэрала Юрыя Захаранкі, супрацоўнікі міліцыі складаюць пратаколы на ўдзельнікаў тэматычнага пікету, якія прыйшлі да суда на знак салідарнасьці з Ульянай Захаранкай.

«Мы ладзім каля будынку суда тэматычны пікет. Зьбіраем подпісы за Вольгу Кавалькову — сёньня апошні дзень збору, і адначасова інфармуем грамадзтва пра справу Юрыя Захаранкі. Ёсьць адмысловы стэнд з інфармацыяй пра зьніклага экс-міністра», — паведаміў Свабодзе намесьнік старшыні руху «За Свабоду» Юры Губарэвіч.

Апрача Губарэвіча на пікеце прысутнічаюць лідэр АГП Анатоль Лябедзька і сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі.

Як паведамілі палітыкі, міліцыянты масава складаюць пратаколы на ўдзельнікаў пікету.

У судзе тым часам зачыталі пазоў — Ульяна Захаранка патрабуе прызнаць сына памерлым, самой Захаранкі на пасяджэньні няма.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?