Народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін пахаваны на сваёй малой радзіме ў мястэчку Ушачы Віцебскай вобласці.
Ягоная магіла месціцца між пракаветных курганоў у самым цэнтры старых, цесных могілак.
Магіла вымашчаная жорнамі — спрэчная ідэя скульптара Ігара Засімовіча. Жорны перадалі звычайныя людзі з розных канцоў Беларусі.
Важкі валун-помнік на магілу дастаўлялі верталётам Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Іншага спосабу даставіць помнік на сярэдзіну цесных кладоў не было.
Падмурак пад помнік землякі залівалі ўручную. 25 чалавек цягам дня перанеслі 800 вёдзер бетону.
Каля магілы стаіць стэнд з інфармацыяй пра паэта, якім ганарацца землякі. Барадулін глядзіць з дошкі, нібы з іншасвету.
На жаль, бракуе аналагічнага стэнда з інфармацыяй па-англійску і па-расейску. Прытым што перакладаў Барадуліна на замежныя мовы не бракуе.
Cтэнд на беларускай мове быў выраблены не за кошт дзяржаўнага бюджэту ці мясцовых уладаў, а на дабрачынныя ахвяраванні грамадзян.