Фота nastol.com.ua.

Як паведамілі ў Першамайскім РУУС Мінска, куды жанчына звярнулася па дапамогу, у маі яна пазнаёмілася з мужчынам у Facebook. На персанальнай старонцы было ўказана, што яго завуць Nova Gabriele і ён жыве ў Флорыдзе. Вельмі хутка Nova Gabriele увайшоў у давер да жанчыны, і знаёмства перарасло ў рамантычныя адносіны.

Мужчына распавёў, што выйграў тэндар на заключэнне кантракту з аўстралійскай фірмай і вымушаны адправіцца туды на караблі. На шляху судна атрымала пашкоджанні і некаторы час стаяла на якары ў Міжземным моры. Па радыёстанцыі была атрымана інфармацыя, што да карабля набліжаецца пірацкае судна, і каманда была вымушана экстрана прышвартаваць карабель на востраве Лесбас. Каб захаваць маёмасць, а менавіта 750.000 фунтаў стэрлінгаў, новы знаёмы папрасіў даверлівую беларуску атрымаць ад яго імя гэтыя грошы. Жанчына пагадзілася.

Праз некаторы час ёй прыйшоў ліст па электроннай пошце ад [email protected] У ім былі пазначаны рэквізіты турэцкага банка, на рахунак якога трэба было перавесці 2.290 даляраў ЗША за дастаўку пасылкі. У паведамленні ўказвалася імя адпраўніка — Jenny Yilmaz. Пасля таго як заяўніца перавяла неабходную суму на рахунак банка-атрымальніка, па электроннай пошце ёй прыйшоў яшчэ адзін ліст. У ім паведамлялася, што трэба перавесці яшчэ 7.740 долараў ЗША, таму што першапачатковай сумы нібыта недастаткова для аплаты ўсіх пошлін.

Да таго часу Nova Gabriele перастаў адказваць на паведамленні беларускі, а затым і зусім закрыў ёй доступ да сваёй старонкі.

«Не варта быць залішне даверлівымі ў зносінах з незнаёмымі і малазнаёмымі людзьмі, — пракаментаваў намеснік начальніка Першамайскага РУУС сталіцы Аляксандр Грамовіч. — Калі заводзіце знаёмства ў сацсетках, варта быць вельмі асцярожным і не губляць пільнасць. Ашуканцы размяшчаюць на персанальных старонках не свае фота і даюць недакладную інфармацыю. Яны ўваходзяць у давер, прыдумляюць розныя гісторыі, просяць пераслаць грошы для таго, каб вырашыць праблемы, якія ўзнікаюць раптоўна. Вярнуць пералічаныя грошы вельмі цяжка. Цяпер па гэтым факце праводзіцца праверка».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру