Алег Манаеў. Фота racyja.com.

Алег Манаеў. Фота racyja.com.

Спецыяльны рэпартаж пад назвай «Сацыялагічныя апытанні пра Беларусь: праўда ці падробка?» быў паказаны 31 ліпеня ў перадачы «Галоўны эфір» на канале «Беларусь 1». У ім сцвярджалася, што НІСЭПД насамрэч не праводзіць у Беларусі сацапытанні, адпаведна, яго даследаванні з'яўляюцца фальсіфікацыяй і ім нельга давяраць. Праз некалькі гадзін аналагічныя матэрыялы апублікавалі два галоўных дзяржаўных СМІ — газета «Савецкая Беларусь» і інфармагенцтва БелТА.

«Спецыяльны рэпартаж» Беларускага дзяржаўнага тэлебачання заснаваны на фальсіфікацыях і маніпуляцыях, разам з «прызнаннямі» людзей, так ці інакш звязаных з НІСЭПД», — адзначаецца ў заяве Манаева ад 1 жніўня.

«Як робяцца падобныя фальсіфікацыі ў краіне і за мяжой, даўно і добра вядома па незлічоных «рэпартажах», «інфармацыйных перадачах», «аналітычных артыкулах» і нават «фільмах» (кшталту незабыўнага «Дзеці хлусні»), замоўцамі, а часам і аўтарамі якіх з'яўляюцца прадстаўнікі ўлады, перш за ўсё спецслужбаў. Як выбіваюцца падобныя «прызнанні», таксама добра вядома, — дастаткова нагадаць прыклады масавых арыштаў і наступных публічных «выкрыццяў» лідараў апазіцыі і нават кандыдатаў у прэзідэнты пасля выбараў 19 снежня 2010 года. Таму каментаваць, разбіраць «па пунктах» гэты «спецыяльны рэпартаж» не мае сэнсу», — лічыць сацыёлаг.

Манаеў нагадвае, што «рэпрэсіі беларускіх уладаў супраць НІСЭПД маюць доўгую і «багатую «гісторыю», якая ўключае публічныя абвінавачванні ў рабоце на заходнія спецслужбы і ўдзеле ў «змовах апазіцыі супраць улады», сфальсіфікаваныя «выкрыцці», ператрусы КДБ, судовыя працэсы, звальненні з працы, канфіскацыі, ліквідацыі, выгнанне з краіны і нават арышты».

«Ліквідаваўшы інстытут рашэннем Вярхоўнага суда ў красавіку 2005 года, улады вымусілі зарэгістраваць яго ў Літве, а дзейнасць у Беларусі фактычна перавялі на нелегальнае становішча, — адзначае заснавальнік НІСЭПД. — Галоўная прычына гэтага заключаецца ў тым, што на працягу амаль чвэрці стагоддзя НІСЭПД выконваў сваю місію — павышаць узровень кампетэнтнасці прыняцця рашэнняў усімі палітычнымі суб'ектамі, а таксама інфармаваць беларусаў аб іх меркаванні па найважнейшых пытаннях грамадскага развіцця».

«Ва ўмовах аўтарытарнага рэжыму інстытут з'яўляецца адным з нямногіх крыніц аб'ектыўнай, непрадузятай інфармацыі аб тым, што насамрэч адбываецца ў Беларусі. Калі казаць вобразна, «люстэркам», у якое можа «глядзецца» і ўлада, і апазіцыя, і ўсё грамадства. У адрозненне ад дзяржаўных службаў, НІСЭПД, нягледзячы на рэпрэсіі, заўсёды імкнуўся забяспечыць максімальны кантроль якасці сваіх даследаванняў, а таксама максімальную адкрытасць іх вынікаў «, — падкрэсліў Манаеў.

На думку сацыёлага, чарговая спроба спыніць дзейнасць НІСЭПД прадпрынятая не выпадкова. «Мяркую, галоўная прычына — хуткія парламенцкія выбары, дакладней тое, што Еўрапейскі саюз і ЗША сфармулявалі іх правядзенне ў адпаведнасці з дэмакратычнымі нормамі ў якасці галоўнай умовы далейшага дыялогу і паляпшэння адносін з Рэспублікай Беларусь (поўнага зняцця санкцый, прадастаўлення крэдытаў і інш.)», — гаворыцца ў заяве.

«Мяркуючы па шматлікіх фактах, напрыклад, нікчэмна малым уключэнні прадстаўнікоў апазіцыі ў выбарчыя камісіі, беларускія ўлады не збіраюцца мяняць правілы сваёй палітычнай гульні, — лічыць Манаеў. — У той жа час ва ўмовах сацыяльна-эканамічнага крызісу ў краіне, які ўскладняецца геапалітычнай абстаноўкай у рэгіёне, яны вельмі зацікаўленыя ў «наладжванні стасункаў з Захадам».

«Паколькі НІСЭПД на працягу многіх гадоў праводзіць поствыбарчыя апытанні і шырока распаўсюджвае іх вынікі (колькасць публікацый у СМІ са спасылкамі на яго вырасла з 25 у 1992 годзе да 3.200 у 2015 годзе), якія значна разыходзяцца з афіцыйнымі вынікамі, ягоная далейшая дзейнасць ўспрымаецца ўладамі як прамая пагроза сваім інтарэсам», — адзначае сацыёлаг.

«Заключны пасаж новага» спецыяльнага рэпартажу «Беларускага тэлебачання пра тое, што «атрыманыя ў ходзе расследавання матэрыялы будуць перададзеныя ў праваахоўныя органы», а таксама намёк на «медыйнага эксклюзіўнага атрымальніка інфармацыі ад НІСЭПД» кажуць пра тое, што ўлады рыхтуюць чарговую гучную «справу» з мэтай пазбавіць беларускае грамадства і міжнародную супольнасць аб'ектыўнай інфармацыі аб тым, што адбываецца ў нашай краіне, і ў канчатковым выніку працягваць стары курс у «новай форме», — мяркуе заснавальнік НІСЭПД.

Манаеў асабліва падкрэслівае: «Большасць супрацоўнікаў НІСЭПД, у тым ліку і тыя, хто займаецца апытаннямі грамадскай думкі, з'яўляюцца сапраўднымі прафесіяналамі і годнымі людзьмі, працаваць з якімі заўсёды было гонарам для мяне. Ва ўніверсітэтах і навукова-даследчых арганізацыях многіх краін свету, у якіх мне давялося працаваць, яны карысталіся б заслужаным аўтарытэтам і павагай. Але ім даводзіцца працаваць ва ўмовах аўтарытарнай Беларусі, мець зносіны з журналістамі дзяржаўных СМІ і следчымі праваахоўных органаў пад пагрозай крымінальнага пераследу».

«Галоўная задача цяпер — падтрымаць гэтых людзей усімі даступнымі спосабамі. Нават калі праводзіць апытанні грамадскай думкі ва ўмовах нарастаючых рэпрэсій стане немагчыма, НІСЭПД знойдзе іншыя формы працягваць сваю дзейнасць і выконваць сваю місію», — заявіў Алег Манаеў.

НІСЭПД — найстарэйшы ў Беларусі недзяржаўны даследчы цэнтр, створаны ў лютым 1992 года групай вучоных, журналістаў, палітыкаў і бізнэсменаў. Асноўнымі відамі дзейнасці з'яўляюцца: даследаванні ў галіне сацыялогіі, эканомікі і паліталогіі; інфармацыйна-кансультатыўная дзейнасць; правядзенне канферэнцый і семінараў; выдавецкая дзейнасць; прафесійны трэнінг. Вынікі апытанняў НІСЭПД неаднаразова падвяргаліся крытыцы як з боку ўладаў, так і з боку прадстаўнікоў апазіцыі. Да ліпеня 2006 года НІСЭПД узначальваў яго заснавальнік, доктар сацыялагічных навук прафесар Алег Манаеў. У красавіку 2005 года інстытут быў ліквідаваны па рашэнні Вярхоўнага суда Беларусі і пасля зарэгістраваны ў Літве як грамадская ўстанова. Цяпер выканаўчым дырэктарам інстытута з'яўляецца доктар філасофіі Альгірдас Дэгуціс.

Сацыёлаг Нікалюк каментуе ролік БТ пра НІСЭПД: «Мяне гэтая фігня не цікавіць»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?