Старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына 2 жніўня сустрэлася ў Мінску з кіраўніком місіі Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ па назіранні за парламенцкімі выбарамі ў Беларусі Каэтанай дэ Зулуетай Аўтрам.

«Гэта першая сустрэча, падчас якой былі ўзгоднены асноўныя пытанні супрацоўніцтва паміж місіяй БДІПЧ і Цэнтрвыбаркамам. У ходзе гэтай сустрэчы старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына праінфармавала аб мінулых этапах выбарчай кампаніі, пра змены, якія былі ўнесены ў выбарчае заканадаўства пасля мінулых парламенцкіх выбараў, і пра тыя дзеянні, якія распачала ЦВК па выкананні рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ», — паведаміў БелаПАН сакратар ЦВК Мікалай Лазавік.

У прыватнасці, паводле яго слоў, Ярмошына адзначыла, што шэраг палажэнняў, якія вынікаюць з рэкамендацый БДІПЧ, уключаны ў метадычныя матэрыялы для членаў выбаркамаў.

Сакратар ЦВК таксама паведаміў, што бакі дамовіліся «аб далейшым супрацоўніцтве, сродках сувязі». «Гэта была першая азнаямляльная сустрэча. Мы дамовіліся, што ў далейшым будзем імкнуцца супрацоўнічаць з мінімальным фармалізмам, каб члены місіі АБСЕ мелі магчымасць напрамую звяртацца ў Цэнтральную камісію па любых пытаннях, якія іх цікавяць», — сказаў Лазавік.

Раней у той жа дзень, 2 жніўня, кіраўнік місіі назіральнікаў сустрэлася з намеснікам міністра замежных спраў Аленай Купчыной. Паводле інфармацыі прэс-службы беларускага МЗС, бакі абмеркавалі ход бягучай выбарчай кампаніі ў Беларусі, а таксама шэраг пытанняў, звязаных з арганізацыяй міжнароднага назірання, у тым ліку па лініі БДІПЧ.

Нагадаем, місія БДІПЧ АБСЕ прыбыла ў Беларусь 31 ліпеня. Кіраўнік місіі Каэтана дэ Зулуета Аўтрам — прадстаўнік Італіі. Нарадзілася ў Калумбіі, з 1981 года працавала журналістам, зараз блогер. З 1996 года абіраецца ў італьянскі парламент. У якасці кіраўніка місіі БДІПЧ АБСЕ Каэтана дэ Зулуета Аўтрам працавала ў Азербайджане, Турцыі, Чэхіі, Францыі, ва Узбекістане, Украіне.

Для працы на парламенцкіх выбарах у Беларусі БДІПЧ АБСЕ плануе накіраваць 40 доўгатэрміновых і 400 кароткатэрміновых назіральнікаў. Па стане на 2 жніўня ад місіі акрэдытаваны 51 назіральнік.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?