Супрацоўнікі аддзела крымінальнага вышуку Першамайскага РУУС сталіцы за здзяйсненне крадзяжу шукаюць хлопца з дзяўчынай, паведамляе прэс-служба ГУУС Мінгарвыканкама.

Пара прыйшла ў лазневы комплекс, аплаціла уваходны квіток і атрымала спецыяльныя бранзалеты з датчыкамі, з дапамогай якіх можна было скарыстацца паслугамі бара на 40 рублёў, а пры выхадзе з установы аплаціць суму, паказаную датчыкам.

Маладыя людзі знаходзіліся ў комплексе каля дзвюх гадзін, скарысталіся паслугамі бара. Папарыўшыся, яны накіраваліся ў купель. У памяшканні купелі хлопец адчыніў акно і пакінуў праз яго комплекс, выкраўшы бранзалет. Праз некаторы час дзяўчына накіравалася да выхаду з установы. Аддаўшы свой бранзалет на рэцэпцыі, яна сказала, што малады чалавек вырашыў яшчэ трохі адпачыць у комплексе і выйдзе крыху пазней.

Убачыўшы адкрытае акно, ахоўнік западозрыў нядобрае і накіраваўся ў купель. Прагледзеўшы запісы з камер відэаназірання, ён звярнуўся ў міліцыю. Замова коштам 38 рублёў 69 капеек была не аплачаная, таксама быў выкрадзены дарагі бранзалет.

Прыкметы дзяўчыны: на выгляд 16-20 гадоў, сярэдняга целаскладу, валасы светлыя сярэдняй даўжыні. Была апранутая ў цёмныя джынсы, шэры швэдар з белымі квадратамі. Хлопец: на выгляд 16-20 гадоў, хударлявы, валасы цёмныя кароткія, на момант сыходу быў апрануты ў плаўкі бардовага колеру і тапкі.

Калі вам знаёмыя людзі на фота, тэлефануйце: +375 17 280 02 02, +375 29 179 40 45 і па тэлефоне 102.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0