«БЧ паліць, далі меншы па памеру цягнік замест таго, што павінен быў быць. Шмат людзей стаіць у вагонах», — уранку ў суботу паведаміў «Нашай Ніве» чытач Яўген Жучкоў.
Раніцай у суботу цягнік № 801 Мінск—Вільня адправіўся з беларускай сталіцы «карацейшы», як звычайна: месцаў для ўсіх пасажыраў з квіткамі менавіта на гэты цягнік бракавала.
Тое, што наспявае праблема, людзі сталі адчуваць хвілін за дзесяць да адпраўлення, калі сталі прыходзіць, а іх месцы ўжо занятыя.
Фота выслалі пасажыры.
Паводле відавочцы, незадаволеныя пасажыры-мужчыны блакавалі дзверы вагонаў, патрабавалі начальства: хацелі пачуць тлумачэнне. У выніку толькі затрымалі адпраўленне. У нейкі момант па гучнай сувязі аб'явілі, маўляў, людзі могуць адмовіцца ад квіткоў, грошы ім вернуць.
Але ніхто, або амаль ніхто, з вагонаў не выйшаў. У 8.25, са спазненнем, цягнік ўсё-ткі выйшаў. Многія цяпер едуць, проста седзячы на падлозе. Нямала пасажыраў з дзецьмі.
Пазней Беларуская чыгунка пракаментавала сітуацыю.
Па тэхнічных прычынах планаваны да адпраўлення дызель-цягнік у 4-х вагонным выкананні ў рэйс выйсці не змог. Было прынята рашэнне аб выдачы ў рэйс іншага цягніка з меншай колькасцю пасадачных месцаў, растлумачыў намеснік начальніка пасажырскай службы ДА «Беларуская чыгунка» Аляксандр Казачок. «Былі адпраўленыя ў Вільню ўсе пасажыры, хто хацеў. На жаль некаторым прыйшлося ехаць стоячы», — сказаў ён.
Беларуская чыгунка прыносіць прабачэнні за дастаўленыя нязручнасці.





