Кнігарня «Галіяфы» аднайменнага выдавецтва знайшла новае памяшканьне.
Пра гэта паведамляе ў фэйсбуку адзін з супрацоўнікаў кнігарні.
Са сьнежня 2015 году да чэрвеня 2016-га кнігарня працавала ў адным з будынкаў Траецкага прадмесьця па адрасе Старавіленская, 6. Аднак у чэрвені кнігарня зачынілася. Дырэктар выдавецтва «Галіяфы» Зьміцер Вішнёў распавёў тады, што кнігарня неўзабаве адкрыецца ў новым памяшканьні, таксама цягам месяца запрацуе анлайн-кнігарня.
«Гэта з аб’ектыўных прычынаў — была «непад’ёмная» арэндная плата, — казаў Вішнёў. — Калі б рабілі платныя мерапрыемствы — гэта адно, але ж мы намагаліся быць гэткім сацыяльным праектам, таму выходзіла цяжка. Але ж выдавецтва працуе, новыя кнігі выходзяць».
Як казаў дырэктар «Галіяфаў», выдавецтва спадзявалася на «адэкватны кошт» арэнды памяшканьня для кнігарні і магчымыя зьніжкі, але цана засталася завялікай.
Новы адрас «Галіяфаў» — вул. Няміга, 3, павілён 66.





