Не для ўсіх пэнсія = дача+тэлевізар. Старэйшыя актывісткі нацыянальнага руху Ніна Багінская і Ядвіга Пятроўская расказваюць пра сябе і час.

У кожным твары ёсьць нешта, што — нават калі чалавек ня хоча — пры першым жа поглядзе раскрые самую ягоную сутнасьць. Раз зірні — і ўсё, гатова, далейшае жыцьцё, як правіла, толькі пацьвердзіць тое, што ты зразумеў пра чалавека пры першым поглядзе. На сьвяткаваньнях Дня Волі, на Чарнобыльскіх шляхах, на Плошчы — мяне заўсёды зьдзіўляла і радавала, колькі там бывае прыгожых людзей. Але нават сярод іх — у гэтым калейдаскопе крэатыву і сьмеласьці моладзі, спакойнай вытрымкі людзей сярэдняга веку і правакацый «засланых казачкоў», якіх, дарэчы, таксама адразу выявіш за кілямэтар — прыцягваюць увагу жанчыны сталага веку. Іх заўсёды шмат, яны часта з нацыянальнымі сьцягамі ці сьцяжкамі, ці стужкамі, ці кветкамі, часта ў пары з мужамі. Чамусьці амаль усе яны мініятурныя, зграбныя, у элегантных капялюшыках ці хустачках; паглядзеўшы на такую, адразу ўяўляеш яе ў сям’і, дзе адной прысутнасьці бабулі на кухні дастаткова, каб усе сямейнікі адчувалі: усё ідзе як мае быць, сьвет стаіць, і жыцьцё можа быць шчасьлівым…

Гэтыя жанчыны старой загартоўкі, і такія дысцыплінаваныя і цягавітыя працаўнікі цяпер рэдкасьць. Часта даводзілася бачыць, якія яны адважныя.

Прыгадаўся выпадак: на Дні Волі ў 2007 годзе, калі палкоўнік Паўлічэнка, аддзелены шэрагам сваіх падначаленых у чорным, ішоў уздоўж праспэкту, шматтысячнае шэсьце скандавала «Забойца! Забойца!». Пажылая невысокая і худзенькая кабета побач са мной, павярнуўшыся, падышла да самага шэрагу амапаўцаў і голасна, гледзячы ў твар Паўлічэнку, пераклала, каб ужо дакладна зразумеў: «Убийца. Убийца». Паўлічэнка прайшоў паўзь яе — і, далібог, я ніколі ня бачыла, каб у чалавека так чырванела патыліца. А жанчына засталася ля шэрагу амонаўцаў, да яе падышлі сяброўкі, яны разам ішлі ўздоўж ланцугу салдат — і гаварылі з гэтымі хлопцамі.

Яны не лічылі бессэнсоўным гаварыць з салдатамі ў чорным, яны знаходзілі непустыя словы, ім адказвалі — і калі, магчыма, у салдацкіх вачах нешта нарэшце праблісьне, то дзякуючы падобным размовам.

Сёньня я б хацела пазнаёміць чытачоў зь дзьвюма такімі жанчынамі.

У грамадзтве, якое выглядае дэмаралізаваным, яны даюць прыклад стойкай маральнасьці.

Каляжанкі

Спадарыні Ніна Багінская і Ядвіга Пятроўская — фронтаўкі зь вялізным стажам. Спадарыня Ніна — прыхільніца КХП‑БНФ («пазьнякоўцы»), спадарыня Ядвіга — з партыі БНФ («вячоркаўцы», ці, можа, цяпер правільней казаць «баршчэўскаўцы»?). Яны знаёмыя з 1988 году, сябруюць, стала ўдзельнічаюць у розных фронтаўскіх акцыях, у тым ліку і вулічных.

«Наша Ніва»: Раскажыце, калі ласка, пра сябе.

Ніна Багінская: Я нарадзілася ў 1946 г. Мая бабуля 1885 г.н. мела толькі хатнюю адукацыю, а дзед вучыўся ў Слуцкай гімназіі і потым працаваў поштмайстрам. І тая моладзь, нашыя бабулі і дзядулі, мела такі антыімпэрскі, антыцарскі настрой. Бабуля заўсёды казала, што добрыя і дрэнныя людзі ёсьць ва ўсіх станах насельніцтва, а што да цара — то ён, канечне, быў душыцель народу, але цяпер у Палітбюро — шмат душыцеляў. Вось, мусіць, з гэтых словаў і пачалося маё крытычнае асэнсаваньне таго, што адбывалася. А калі я паступіла ў Івана‑Франкоўскі інстытут нафты і газу — бо заўсёды хацела быць геолягам — то да маіх антыкамуністычных перакананьняў дадаліся і нацыянальныя. Дзяўчаты ў інтэрнаце размаўлялі па‑ўкраінску, і іх страшна дзівіла, што я не гавару па‑беларуску. Ім гэта было незразумела. А тут яшчэ «Песьняры» прыехалі ў Івана‑Франкоўск на гастролі… Такі быў посьпех! І водбліск гэтага посьпеху беларускіх песень як бы ўпаў на мяне. Прыехаўшы дамоў на вакацыі, дастала школьны падручнік і стала наноў вучыць мову.

Ядвіга Пятроўская: У мяне было ня так. Я таксама не валодала беларускай мовай. Выхоўвалася ў дзіцячым доме ў Барысаве, а потым мяне адаслалі ў вучэльню ў Рыгу. Але мова для мяне — сьвятая. Калі езьдзіла на старыя могілкі да сваёй мамы, а ў аўтобусе бабулькі размаўлялі па‑нашаму — гэта было як мёд на сэрцы.

Перакананьні мае насамрэч утварыла само жыцьцё, мноства самых розных выпадкаў. Добра запомніўся, напрыклад, такі.

Аднойчы на заводзе, дзе я працавала, прапанавалі схадзіць на вечарыну ў Дом літаратара, прысьвечаную Талстому. Там выступаў, сярод іншых, Вячаслаў Адамчык. Ён ні слова не сказаў пра Талстога, але колькі сказаў пра Беларусь! І як ён гаварыў! Мне запомнілася на ўсё жыцьцё. Таму, прыкладам, мне цяпер непрыемна, калі пачынаюць нешта гаварыць крытычна пра Адама Глёбуса — для мяне ён найперш сын чалавека, які так палымяна любіў Беларусь. «Чужую Бацькаўшчыну» я не магу чытаць — настолькі гэта маё, балючае, невыноснае… «Леанарду» таксама… Я сама жыла ў партызанскай зоне, бачыла партызан. Памятаю, ноччу прыйшлі партызаны, мне было гадоў пяць, я спала ў дзедавай хаце, і мая мама схавала апошні акрайчык хлеба мне пад бокам… Але я не магу гаварыць пра гэта, дужа балючая тэма.

У 1988 г. мой сын, які быў тады ў «Талацэ», аднойчы вечарам прыбег дадому такі ўзрушаны і крычыць: «Мама, у нас створаны Народны Фронт, мама!» А я яму: «Цішэй, цішэй!» — бо баялася, што пачуюць суседзі (сьмяецца). І вельмі хутка зразумела, што падзяляю ідэі БНФ, і пачала ўдзельнічаць у яго рабоце.

НБ: Я ў Фронце з самага пачатку, з устаноўчага зьезду. Прыносіла на працу матэрыялы з устаноўчага сходу «Мартыралёгу Беларусі». Потым стварыла суполку на месцы працы. Наша суполка ўвайшла ў Раду Партызанскага раёну, якую ўзначальвалі Артур Вольскі ды Юры Дракахруст.

Фронтаўкі на працы

«НН»: Як складалася Вашае прафэсійнае жыцьцё?

НБ: Пасьля заканчэньня інстытуту я пайшла працаваць у БелНДГРІ — гэта геалягічны прамысловы інстытут у Сьцяпянцы. Працавала там геолагам, навуковым супрацоўнікам у аддзеле літалёгіі, то бок у аддзеле, які займаўся апісаньнямі парод. Не хавала сваіх поглядаў, таму праца не складалася бясхмарна. Бо там працавалі розныя людзі.

Напрыклад, у нас працаваў вельмі непрыемны чалавек Маліджан Ібрагімавіч Ісафараў, які быў адказным за грамадзянскую абарону і пахваляўся, што быў служкам Цанавы, варыў яму плоў на лецішчы (дарэчы, лецішча Цанавы акурат у Сьцяпянцы, недалёка ад нашага інстытуту). Дык вось, калі ў інстытуце мужчыны адзначалі ў яго кабінэце 23 лютага, ён даставаў з сэйфу пісталет і расказваў, як у 37‑м дзяржальнам гэтага рэвальвэра біў па галовах «ворагаў народу» і як цякла кроў…

Пасьля ўстаноўчага зьезду я павесіла абвестку, што ў перапынак на абед раскажу пра тое, што там было. На зьезьдзе пачула праўду пра Чарнобыль, і ўсё расказала супрацоўнікам. Прыйшлі ўсе — і хто за, і хто супраць. Мне спрабавалі даць за гэта вымову, але не далі — бо кіраўніцтва само шмат чаго даведалася, асабліва што датычыла Чарнобыльскай зоны: мы там працавалі, а пасьля майго выступу нас перасталі туды пасылаць…

Потым я павесіла ў Інстытуце стэнд БНФ — з «Пагоняй» і нацыянальным сьцягам. Дырэктар Кавалёў мне сказаў: «Зьніміце!» А я адказала: «Вось вы, сын рэпрэсаванага, ідзіце і самі зьніміце, а я сваімі рукамі зьнімаць ня буду!» Так стэнд і застаўся на месцы…

Зрабіць са мной нічога не маглі: я — маці дваіх дзяцей, і такую жанчыну так проста звольніць нельга. Тым больш, я наведвала ў Ліцэі ўрокі паліталёгіі, якія ладзіў Анатоль Сідарэвіч, і ён нас вучыў, як дасьціпна сябе абараняць.

Потым Беларусь стала незалежнай, і недзе да 1993 году мае апанэнты замаўчалі. Кіраўнічка аддзелу кадраў ужо не крычала на мяне: «Пайдзі палячысь, шызафрэнічка, мы заўсёды былі і будзем пад Масквой!» Раптам Масква некуды падсунулася! (Сьмяецца.)

А ў канцы 1993‑га я заўважыла, што ўсе гэтыя камуністы, расейскія шавіністы зноў заварушыліся. У нас у гэты час была пераатэстацыя. На ёй мяне спрабавалі абвінаваціць, што мае мапы няможна выкарыстоўваць. Але я была падрыхтаваная і прынесла характарыстыку ад спэцыялістаў, якія маімі ж мапамі і карысталіся і былі імі задаволеныя.

Калі не ўдалося звольніць паводле вынікаў пераатэстацыі, за мной сталі сачыць і сказалі, што, калі хоць раз спазьнюся, мяне звольняць. Я не спазьнялася.

Але ўрэшце мяне звольнілі за тое, што, працуючы над расейска‑беларускім геалягічным слоўнікам, я некалькі дзён правяла ў бібліятэцы. Я судзілася з інстытутам, але мяне не ўзнавілі. Што ж, з тых часоў я шчыльней занялася грамадзкай дзейнасьцю.

Затым уладкавалася ў мастацкую вучэльню вахцёрам — там шмат было нашых людзей. У нашай суполцы было шмат актывістаў — Банкевіч, Купава, Юхо… Але пасьля рэфэрэндуму 1995‑га нас пачалі элемэнтарна звальняць.

ЯП: Я з 14 год у машынабудаваньні, 41 год адпрацавала. Пачынала токарам. Апошнія 20 год працавала на «Амкадоры» інжынэрам. У нас на вытворчасьці свае парадкі. Нельга спазьніцца ні на хвіліну! Кожны раз, калі БНФ нешта ладзіў, у нас рабілі працоўны дзень. І паспрабуй не прыйсьці, вылеціш з работы ў момант! Але мы неяк уладкоўваліся: калі ў 1991 г. трэба было, напрыклад, стаяць на плошчы, мы зь сяброўкай пасьля працы хуценька пілі гарбату, а потым беглі на плошчу і знаходзіліся там да адзінаццатай вечара, а раніцай — зноў на работу.

Дома і на лецішчы

«НН»: Як Вы спалучаеце сваю дзейнасьць зь сям’ёй?

НБ: І сын, і дачка, і ўнукі падтрымліваюць… Мы аднадумцы.

ЯП: Вядома ж, суседзі, родныя ведаюць пра мае перакананьні. У маім пад’езьдзе жывуць розныя людзі: і абыякавыя, і камуністка такая Людміла Аляксандраўна, і тыя, хто заўсёды падпісваюць мае падпісныя лісты. У электрычцы, у транспарце я часта далучаюся да размоваў, выкладаю сваю пазыцыю. Мне, бывае, гавораць: навошта, ты ўсё роўна не пераканаеш апанэнта. А я адказваю: заўсёды ёсьць нэўтральныя вушы, нэўтральныя людзі — вось дзеля іх я і гавару.

«НН»: Ці Вы любіце лецішча?

НБ, ЯП (у адзін голас): Вельмі!

НБ: А яшчэ я вельмі люблю шыць, вязаць, ткаць.

ЯП: Зьвярніце ўвагу, вось гэтая торбачка, шапачка, шалік — усё яна сама зьвязала.

«НН»: Вельмі стылёва.

ЯП: Я тут прынесла з сабой фатаграфіі, давайце паглядзім. Іх рабіў Кармілкін. Вось Вера Церлюкевіч. Вось Калубовіч. Вось Бураўкін, Барадулін. Вось у Доме літаратара — я…

«НН»: Якая Вы прыгожая.

ЯП: Сокалаў‑Воюш, Сыс… Спадарыня Апейка… Ці жывая яна? Алена Дзенісевіч, выйшла потым замуж за вялікага начальніка, перастала хадзіць… Аксана Верамей… А гэта мая сяброўка Надзея Дземідовіч. Яна была ў СБМ, адседзела 25 год. Ёй цяпер 81 год… А тут вясельле Пазьняка. Калі Галіна і Зянон пажаніліся, я прапанавала адзначыць іхнае вясельле ў нашай радзе ў складзіны. Выйшла добра! Галіна была старшынёй нашай рады. А Пазьняка я пабойвалася.

«Я плакала ад роспачы»

НБ:Пазьняк надзвычай цэльны чалавек. Мне расказвала сяброўка, якая зь ім працавала, што ў яго прысутнасьці — а ў інстытуце іхным быў амаль жаночы калектыў — жанчыны зь яго аддзелу ніколі не гаварылі пра кухню, пялюшкі: ім было сорамна, бо для яго існавала толькі праца. Ім сорамна было малоць языкамі. І як палітык ён адбыўся. Ён зрабіў шмат, як ніхто. Пазьняк і Галіна — максымалісты. Яны што думаюць, тое кажуць. Не хітруюць. Але калі б ён хітраваў, то такія, як я, яму б не далі веры. Цяпер у замежжы рэалізуе сябе — і дзякуй Богу.

ЯП: А я са многім у яго дзейнасьці нязгодная. Напрыклад, калі ён гаварыў пра люстрацыю… Я не разумею, як такое магло быць: раніцай чую ў «Радыёфакце», як «паліваюць» БНФ, а потым я прыходжу на сядзібу — а там факс ад Пазьняка, у якім ён «палівае» Фронт яшчэ больш!.. Пазьняк сапраўды максымаліст. Нас ня так многа, каб варагаваць, здаецца, трэба разам гуртавацца — дык не, гэтыя 100 чалавек ходзяць упарта асобна…

«НН»: Чаму ж, па‑Вашаму, адбыўся гэты раскол?

ЯП: Хто яго ведае, чаму так адбылося. Калі ў 1999‑м адбываўся гэты раскольны працэс, я плакала, проста плакала. Ад узрушэньня, ад роспачы.

Новы прэзыдэнт

«НН»: Якога лідэра Вы чакаеце, якому лідэру дасьцё веры?

НБ: Прэзыдэнт, якому я дам веры, першае, што зробіць, — скасуе прэзыдэнцкую ўладу. Мне падабаецца Севярынец. Ён разумны, разумнейшы за нас. Ён шчыры вернік, што пра многае гаворыць.

ЯП: Апошнім часам заўважаю за сабою: мне нецікавае расейскае тэлебачаньне, расейская эстрада, літаратура. Затое мне цікава хадзіць у кансэрваторыю, на канцэрты беларускіх выканаўцаў, на выступы беларускіх пісьменьнікаў. Калі гаварыць пра лідэра дзяржавы, то ён павінен быць беларусам.

Уражвае нялюдзкасьць

«НН»: За доўгі час, што Вы ў Фронце, якія выпадкі найбольш уразілі? Што найбольш запомнілася?

НБ: Апошні Дзень Волі ўразіў. Хапалі моладзь, валаклі, таўклі нагамі. Бачыла, як хлопца, дзіця 16 год, валаклі за рукі так, што ў яго сьпінка голая цягнулася па сьнезе, а яго яшчэ падбіваюць нагамі. Калі я падышла да аўтобуса і зьвярнулася за начальніка іхнага са словамі «Што вы робіце? Гэта ж фашызм!», то ён кінуў: «І яе туды ж». Пасьля таго, як мяне завялі ў аўтобус, туды запіхнулі і нейкую дзяўчыну. І яна спытала ў мяне: «У вас няма нічога ад сэрца? Не магу дыхаць». У мяне не было таблетак, яны мне ніколі не патрэбныя. І тады я адкрыла рот і заявіла гэтым чорным: «Або выклікайце хуткую, або выпускайце нас адсюль, бо калі ёй тут стане дрэнна, то вы ўжо наагул нелюдзі». Яны нічога не сказалі, але калі з аўтобуса выходзілі спэцназаўцы, я падняла дзяўчыну, і мы таксама выйшлі, і нас ніхто не затрымаў.

На судах гаспадарыць ня тое што міліцыя, а нейкія людзі ў шэрым: яны ўпускаюць ці не пускаюць, яны правяраюць рэчы, а калі гаворыш ім — прадстаўцеся, то хамяць… Аднойчы на судзе я нават падышла да міліцыянтаў і спытала: «Хлопцы, чаму вы дазваляеце, каб гэтыя невядомыя тут гаспадарылі?» І ім не было чаго адказаць, яны толькі крыва пасьміхаліся…

Запомнілася, калі ўпершыню падчас праўленьня Лукашэнкі супраць нас, мірных дэманстрантаў, міліцыя груба ўжывала сілу. Гэта было на плошчы Незалежнасьці, ля Чырвонага касьцёлу. Цяпер мы ўжо падрыхтаваныя да такога, а тады было так страшна… Памятаю, пасьля гэтага я зайшла ў касьцёл і горача малілася Сьвятой Дзеве… Запомніліся падзеі пасьля выбараў 2006 г. Як мы, мамы і бабулі, не давалі аўтобусам з затрыманай моладзьдзю выехаць з Акрэсьціна, як на Дзень Волі амапаўцы запіхвалі нас ў пераход ля ЦУМу, як у другую Нямігу… Як баялася тады, каб не затапталі…

«НН»: Чаму Вы тады працягваеце хадзіць? Чаму працягваеце рызыкаваць здароў¬ем, нэрвамі?

НБ: А іншага выйсьця няма. Трэба сябе бараніць.

ЯП: Калі б многа людзей хадзіла — я ня стала б ужо. Займалася б сваім агародам, лецішчам, якое вельмі люблю, культурай. Але Беларусь — гэта сьвятое, гэта не кан’юнктура. Я не за ўладу змагаюся — дзе мне ўжо палітыкай займацца! Але я за Беларусь. Душа не старэе, гэта сапраўды так, я гэта адчуваю. Усё ў руках Божых. Кожны беларус, дзе б ні жыў, павінен працаваць на Беларусь. Трэба рабіць, што можаш.

Гутарыла Наталка Бабіна


Гэтае знакамітае фота было зробленае 25 cакавіка 2006 г. Многія думалі, што на ім са сьцягам
- школьніца. Між тым то была гераіня гэтага матэрыялу… Як вы думаеце, каторая зь іх?
Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна