Усё больш расіян ставіцца да прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна нейтральна ці абыякава, паказала апытанне Лявада-цэнтра, праведзенае да 17-й гадавіны прыходу Пуціна да ўлады.

Уладзімір Пуцін стаў прэм'ерам-міністрам Расіі 8 жніўня 1999 году, а затым быў абраны прэзідэнтам краіны.

Доля абыякавых да прэзідэнта расіян (17%) прыкметна вырасла ў параўнанні з сакавіком 2015 г. — тады ў гэтым прызналіся ўсяго 10% апытаных.

Пры гэтым свайго піка доля абыякавых расіян дасягала ў сакавіку 2013 года, тады паказчык складаў 22%.

Самым папулярным адказам на пытанне пра стаўленне да Пуціна стаў «не магу сказаць пра яго нічога дрэннага» — яго абраў 31% апытаных. У апошнія гады гэты адказ стабільна выбіраюць 29-31% расіян.

Яшчэ 29% прызналіся ў сімпатыі да Пуціна. У сакавіку 2015 года такіх было 37%, а затым іх доля пачала зніжацца. Захапляюцца Пуціным 8% расіян, агіду да яго адчувае 1% апытаных, а антыпатыю — 2%.

78% апытаных заявілі пра тое, што яны давяраюць прэзідэнту. Пры гэтым 18% даверу да яго не адчуваюць. Больш за палову расіян заявілі, што за мінулыя 17 гадоў іх надзеі, звязаныя з Пуціным, апраўдаліся.

23% рэспандэнтаў заявілі, што надзеі не апраўдаліся. Пры гэтым 15% апытаных заявілі, што яны не звязвалі ніякіх надзей з прэзідэнтам.

Галоўным дасягненнем Пуціна ўдзельнікі апытання лічаць «павышэнне баяздольнасці і рэформу ўзброеных сіл». Таксама сярод дасягненняў расіяне пералічылі ўмацаванне міжнародных пазіцый краіны, эканамічнае развіццё і падтрыманне спакойнага палітычнага становішча. 8% апытаных заявілі, што наогул не бачаць ніякіх дасягненняў Пуціна.

Апытанне было праведзенае ў канцы ліпеня ў 137 населеных пунктах у 48 рэгіёнах краіны. У ім бралі ўдзел 1,6 тысяч чалавек.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?