Прайшла кваліфікацыя ў стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі з 10 метраў. Удзел бралі адразу два беларусы – Ілля Чаргейка і Віталь Бубновіч.

Чаргейка пачаў вельмі ўпэўнена, ён доўгі час быў лідарам. Аднак не надта ўдала правёў чацвёртую і пятую серыі з 10 стрэлаў. Гэта адкаціла Чаргейку аж на 11-12 месцы. У фінал жа праходзілі толькі восем спартсменаў.

Тым не менш, Чаргейка сабраўся і выдаў някепскую заключную серыю. Апошнім патронам ён выбіў 10,8 балаў. Гэта пакідала за беларусам шанцы на фінал, аднак на той момант яшчэ не адстраляліся многія супернікі.

Шмат дзе вырашаў апошні стрэл. Напрыклад, венгр Петэр Сідзі справіўся з хваляваннем проста на выдатна – 10,9. У выніку ён апярэдзіў Чаргейку на 0,4 бала.

А вось кітаец Цао Іфэй спудлаваў. Яму трэба было выбіць хаця б 10,1 для трапляння ў фінал. А ён трапіў роўна 10,0. У выніку кітаец з беларусам набралі абсалютна аднолькавыя сумы, але ў фінал з восьмага месца трапіў менавіта наш стралок. Бо меў лепшую сесію – 105,2 супраць 104,7.

Віталь Бубновіч толькі 17-ы.

Фінал пачнецца а 18 гадзіне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?