У аўторак у басейне праходзілі фінальныя спаборніцтвы па сінхронных скачках у ваду сярод мужчын з 10-метровай вышкі, і вада ў ім, па словах відавочцаў, была чыстай, звыклага блакітнага колеру.

На наступны дзень у тым жа басейне ў аналагічнай дысцыпліне спаборнічалі жанчыны: ім прыйшлося скакаць ўжо ў зялёную вадкасць з балотным адценнем.

На пытанні, што адбылося за суткі з вадой, арганізатары спаборніцтваў не маглі адказаць нічога зразумелага.

Па іх словах, былі зроблены ўсе неабходныя тэсты і замеры, якія паказалі, што вада, нягледзячы на свой падазроны колер, цалкам бяспечная для правядзення спаборніцтваў.

«Я ніколі не скакала ні ў што падобнае», — заявіла збянтэжаная брытанка Тоня Коўч, якая ў выніку заняла разам з Луі Тулсан пятае месца.

Вядомы брытанскі скакун у ваду Том Дэйлі, які ў аўторак разам са сваім напарнікам Дэніэлам Гудфелоў заваяваў бронзу, апублікаваў у «Твітары» фатаграфіі з подпісам: «Хм-м-м-м … што адбылося?»

«Выкупаўся Шрэк»

У сацыяльных сетках пачаліся жарты з нагоды таго, што, магчыма, ноччу ў басейне выкупаўся Шрэк, і што ў падобнай вадкасці больш дарэчы куляцца марскім львам, чым спартсменам.

Вада ў суседнім басейне, дзе праходзілі спаборніцтвы па сінхронным плаванні, пры гэтым заставалася па-ранейшаму чыстай.

Прадстаўнік па сувязях з грамадскасцю Міжнароднай федэрацыі плавання Пэдра Адрэга выказаў здагадку, што, магчыма, удзельнікі спаборніцтваў «самі папрасілі памяняць колер вады, каб паменшыць эфект ад сонечных блікаў на паверхні».

На працягу некалькіх гадзін, пакуль ішлі спаборніцтвы, вада станавілася ўсё больш зялёнай і, на думку некаторых, стала нагадваць па колеры класічны брытанскі гарохавы суп.

На шчасце, на выніках і здароўі спартсменаў гэта, мяркуючы па ўсім, ніяк не адбілася.

«Вельмі важна, каб удзельнікі і гледачы Рыа-2016 былі ўпэўненыя ў высокай якасці правядзення спаборніцтваў, — гаворыцца ў апублікаванай арганізатарамі заяве. — Мы працягваем расследаваць прычыны таго, што адбылося».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?